Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 43

Ніл Гілевіч

Хоць і засмуціла мяне разыходжаньне маіх уражаньняў аб творах з іх партыйнай ацэнкай у друку, але пытаньне «каму верыць?», канешне ж, вырашылася на карысьць партыйнай лініі ў літаратуры. Так, трэба верыць партыі і яе ўстаноўкам. Партыя — гэта сам вялікі правадыр народаў І. В. Сталін і яго паплечнік таварыш Жданаў. I А. Фадзееў — партыя, і А. Твардоўскі, і М. Шолахаў. I Якуб Колас, і М. Лынькоў, і К. Крапіва, і А. Куляшоў — партыя... I ўсе тыя, каго бачыў і слухаў на нарадзе маладых, і на сходзе пісьменьнікаў 22-га ліпеня, і на праўленьні СП БССР. Якія ж могуць быць сумненьні? Калі нешта падобнае на нязгоду і прамаўлялася ў душы — дык забудзь аб гэтым! Проста — ты яшчэ мала ведаеш, яшчэ шмат чаго не разумееш, яшчэ ня здольны разабрацца і ацаніць творчасьць таго ці іншага пісьменьніка. Партыі трэба верыць! Бо гэта ж партыя камуністаў, змагароў за грамадства, у якім будуць зьняты сацыяльныя і іншыя супярэчнасьці, стануць улагодненымі, гарманічнымі адносіны паміж людзьмі, у якім, кажучы словамі Максіма Горкага, «чалавек перад чалавекам будзе як зорка перад зоркаю». О, як хораша пра гэта марыць, як радасна да гэтага імкнуцца!..

***

У такой грамадска-палітычнай атмасферы, пры такіх ідэйна-эстэтычных засьцярогах праходзілі мае педвучылішчныя будні. Аб беларускай мове і культуры, аб адметнасьці нашай нацыянальнай гісторыі размоваў у студэнцкім асяроддзі не было — не ўзьнікалі. Насьценная газета «Савецкі настаўнік» выходзіла на беларускай мове, а бальшыня прадметаў выкладаліся на рускай. Пратэстаў не было, лічылася, што так і трэба, усё «ў норме». Сяброў, якія б па-сапраўднаму любілі літаратуру, глыбока цікавіліся ёю, побач не аказалася. Яшчэ больш дзіўна, што ні на адным з трох курсаў не аказалася хлопцаў і дзяўчат, якія б хварэлі шляхетнай хва­робай вершаскладаньня. Ніякае маладое творчае жыцьцё ня толькі не палымнела, але і ня тлела, — яго проста не было. У гэтым плане Менскае педвучылішча імя Н. Крупскай зусім не напамінала Белпедтэхнікум імя Ус. Ігнатоўскага. Дарэчы, ужо атайбаваўшыся ў Менску, можа, у тым жа 1947-м, я ішоў аднойчы па галоўнай Савецкай вуліцы ад Сьвіслачы ўгору і ўбачыў на франтоне паважнага трохпавярховага будынка выкладзены каменем надпіс: БЕЛПЕДТЭХНІКУМ. Быў моцна зьдзіўлены: дык вось дзе ён месьціўся — славуты беларускі «царскасельскі ліцэй»! Вось дзе дваццаць гадоў таму віравала-кіпела літаратурнае жыцьцё, высьпявалі і крышталізаваліся беларускія патрыятычныя ідэі! Які сімпатычны будынак і якая прыгожая, паэтычная мясьціна — на схіле гары, трохі ўглыб ад вуліцы. Чаму ж яго адабралі ў вучэльні? Для каго? Хіба можна з ім параўнаць гэную нецікавую стандартную каробку, у якой жывем і вучымся мы?