Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 40

Ніл Гілевіч

Не належу да тых, хто верыць у дзейнасьць нейкіх таямнічых сілаў, у нейкія прадназначэньні і наканаваньні, але не магу ня думаць сёньня аб тым, што менавіта на маю долю выпала зьведаць, амаль у дзіцячым узросьце, сатанінскую лютасьць Лукаша Бэнды — галоўнага пагромшчыка Купалы і Коласа. Няйначай, як глядзеў сатана далёка наперад, ведаў, што тое, чаго ён быў далакопам, стане зьместам і сэнсам усяго майго жыцьця, маім лёсам, той ідэяй-мэтай, якой буду служыць праўдай і верай да апошняга дыханьня.

За час нарады я на працягу трох дзён бачыў Якуба Коласа. Самога Якуба Коласа! Для вясковага падлетка-вершатворцы гэта было проста неверагоднае шчасьце. У першы дзень, на адкрыцьці нарады, Колас сядзеў за сталом прэзідыуму, подыуму там, у вялікім пакоі, не было, мне дасталося месца ад прэзідыуму зусім блізка, і я ня зводзіў з вялікага паэта вачэй. Назаўтра Канстанцін Міхайлавіч удзельнічаў у Рэспубліканскім сходзе пісьменьнікаў; я сустрэўся з ім перад уваходам у Дом Мастацтваў, дзе сход адбываўся, і, ледзь праглынуўшы ад страху пераселы ў горле камяк, павітаў яго «добрым днём» што называецца персанальна — бо побач больш нікога не было. У першы дзень Якуб Колас слова ня браў, на агульным пісьменьніцкім сходзе таксама. А выступіў у апошні, пяты дзень, на пасяджэньні Праўленьня СП, дзе падводзіліся вынікі працы ў секцыях. Ён зьвярнуўся да ўдзельнікаў нарады з нядоўгай прамовай, у якой падзяліўся вопытам працы над сваімі творамі, пад­крэсьліў важнасьць вывучэньня маладымі пісьменьнікамі жыцьця і ўзбагачэньня сваёй мовы. Гаварыў проста, шчыра, зразумела. Я слухаў з прыціхлым сэрцам, амаль ня дыхаючы. Я быў шчасьлівы. Якуб Колас зьвяртаўся да ўсіх прысутных маладых, а значыць — і да мяне. Так, яго запаветнае слова адрасавана і мне! I я павінен яго помніць! I жыць ад гэтага часу ўжо неяк іначай. Бо я ўжо ня той, што быў дагэтуль.

Чарговы нумар газеты «Літаратура і мастацтва» зьмясьціў матэрыялы аб выні­ках нарады маладых пісьменьнікаў. У інфармацыі пра работу секцыі дзіцячай літаратуры зафіксавана: «Н. Гілевіч надрукаваў некалькі сваіх вершаў у часопісе «Бярозка». На секцыі ён прачытаў новыя вершы. Усе выступаўшыя адзначылі, што маладому паэту неабходна дамагацца дасканаласьці ў апрацоўцы твораў.» Ацэнка не пакрыўдзіла. Дамагацца дасканаласьці? Ну, вядома, неабходна. I ня толькі зялёнаму пачаткоўцу.

***

З нарады я вярнуўся акрылены, у сьвятлістым і ўзьнёслым настроі, але... Але яна стала і момантам адліку новага этапу ў маім грамадскім і творчым самапачуваньні, у фарміраваньні і станаўленьні ідэйна-эстэтычнага стрыжня маладога літаратара. На нарадзе і на агульным сходзе пісьменьнікаў, у дакладах і выступленьнях увесь час гучала імя Жданава, спасылкі на яго даклад і на пастанову ЦК ВКП(б) аб часопісах «Звезда» і «Ленинград» ад 9-га жніўня 1946 году. Усе пытаньні і праблемы разьвіцьця літаратуры падаваліся абавязкова ў сьвятле гэтых «гістарычных дакументаў», уся творчая праца паэтаў і пісьменьнікаў арыентавалася на «праў­дзівае адлюстраваньне ратнага подзьвігу і працоўнага гераізму савецкага народу пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі і яе вялікага правадыра І. В. Сталіна», на паглыбленьне і ўмацаваньне ідэйных асноваў савецкай літаратуры, на вернасьць прынцыпам сацыялістычнага рэалізму. Да гэтага ідэалагічнага шквалу, жывучы ў вёсцы, я пісаў пра тое і так, як Бог на душу пакладзе, хаця, зразумела, — як малады савецкі чалавек, камсамолец, дастаткова ўзброены азамі камуністычнай ідэалогіі. Пісаў пераважна аб тым, што ішло ад асабістых жыцьцёвых уражаньняў, што абу­джалася ў душы зьявамі прыроды, сваім непасрэдным удзелам у сялянскай працы. Пасьля нарады пачаў глядзець на сябе як на хай сабе і зусім маладога, але ідэйна цалкам заангажаванага паэта, глыбока прасякнутага пачуцьцём адказнасьці за «па­трыятычнае выхаваньне чытача». Пастаўленыя на пісьменьніцкім сходзе ў Менску задачы былі ўспрынятыя мною з камсамольска-юнацкім максімалізмам.