Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 39

Ніл Гілевіч

На нарадзе, аднак жа, мне двойчы не пашанцавала. Па-першае, мяне запісалі ў секцыю дзіцячай літаратуры — з тых, увогуле справядлівых, меркаваньняў, што я — аўтар часопісу «Бярозка». Але ж надрукаваныя ў «Бярозцы» вершы, такія, як «Выйду», «Зімовы вечар», «Вясновыя вятры», — гэта звычайная лірыка, яны маглі б спакойна месьціцца і ў «дарослых» выданьнях. (Пад рубрыкай «Творы пачаткоўцаў», вядома). Зусім не «дзіцячыя» былі і новыя вершы, якія я прывёз з сабою. Ва ўсякім разе, я не сумняваўся, што буду праходзіць па секцыі паэзіі, — як паэт. І ў рабоце гэтай секцыі першыя дзьве гадзіны ўдзельнічаў, сядзеў і слухаў, і мне было вельмі цікава. Але на перапынку падышоў да мяне сакратар аргкамітэту нарады крытык Уладзімір Агіевіч (дарэчы, вельмі сімпатычны чалавек) і, пажурыўшы, што я ня там, дзе трэба, перагнаў мяне ў дзіцячую секцыю, чым я быў нямала засмучаны. Там было ўсяго чалавек пяць пачаткоўцаў, ніводзін з якіх у пісьменьнікі ня выйшаў, і столькі ж кіраўнікоў секцыі: Янка Маўр, Алесь Якімовіч, Павел Кавалёў, Хаім Мальцінскі, зайшоў быў і з паўгадзіны пасядзеў Пятро Глебка.

У тую рату, калі абмяркоўваліся мае вершы, на дзіцячай секцыі прысутнічаў, нямаведама чаго, сумнавядомы далакоп беларускай літаратуры Лукаш Бэндэ, — і гэта было маё другое нешанцаваньне. Пасьля таго, як, паслухаўшы мае вершы, літасьціва, са скідкай на зусім зялёны ўзрост аўтара, выказаліся Якімовіч, Янка Маўр, Мальцінскі, з удзельнікаў нарады — Аляксей Каўко, журналіст з Піншчыны, — слова ўзяў Бэндэ. І не пакінуў на бедным пачаткоўцы жывога месца — зьбіў, зьмяздрычыў, стоўк мае «творчыя плёны» ўшчэнт. Ды яшчэ і прысарамаціў тых, хто выказаўся спагадліва. Я слухаў яго сьмяротны прысуд, не падымаючы вачэй, і адно машынальна круціў у трубачку лісткі з няшчаснымі вершамі. Ад сораму мне хацелася праваліцца скрозь зямлю. Як бы я злоўлены на нечым страшна брыдкім. Але слова ўзяў П. Н. Кавалёў, ён быў тады аргсакратаром Саюза пісьмень­нікаў, і даў майму крытыку рэзкую водпаведзь, і пачаў цытаваць і хваліць асобныя строфы вершаў. Кавалёва падтрымалі Янка Маўр і Якімовіч. Помню, як я раптам аджыў, як адчуў, што да мяне вяртаецца вера ў сябе, у свой заўтрашні дзень, і нават дзесь у глыбіні душы загаварыла штось накшталт творчай злосьці: маўляў, пачакай, таварыш Бэндэ, яшчэ пабачыш, ці такі я безнадзейна нямоглы!.. На тым праца секцыі і скончылася.