Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 42

Ніл Гілевіч

Тым часам у савецкім друку нечувана распальваецца атмасфера барацьбы супраць безыдэйнасьці і непартыйнасьці ў літаратуры і мастацтве. У беларускім варыянце — гэта асуджэньне праяваў буржуазна-нацыяналістычнай ідэалогіі ў навуковых працах літаратуразнаўцаў і ў літаратурна-мастацкай крытыцы. Атакі на гэтыя праявы ідуць адна за адной, з нумару ў нумар — і ў «ЛіМе», і ў «Полымі», і ў «Беларусі». Я па-ранейшаму сачу за гэтымі выданьнямі — і ў Менску, і ў Слабадзе, прыязджаючы да бацькоў па сякі-такі харчовы падмацунак (хоць па торбачку па­скрылянай сушанай бульбы). Мяне ўжо не пакідае праўдзівы смак да чытаньня літаратурнай крытыкі, артыкулаў і рэцэнзіяў. Імкнуся глыбей пранікнуць у сэнс жорсткіх ідэйных абвінавачваньняў, адрасаваных ці канкрэтным аўтарам (найбольш даставалася М.Ларчанку) ці агулам пэўным выданьням (найбольш — часопісу «Беларусь» за артыкулы 1946-1947 гадоў). Што ж за такое страшыдла — гэты беларускі буржуазны нацыяналізм? Хто яны — гэтыя «заклятыя ворагі беларускага народу — беларускія нацыяналісты»? I ў чым «сур’ёзныя нацыяналістычныя памылкі», «грубыя нацыяналістычныя скажэньні» ў публікацыях па гісторыі беларускай літаратуры, пра што так апантана крычаць на пісьменьніцкіх сходах і ў друку змагары за ідэйна правільную лінію? Пачынае сёе-тое канкрэтызавацца. Так, М. Ларчанка бярэ пад абарону «кансерватыўна-дваранскага пісьменьніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча», называе «выдатным асьветнікам рэакцыянера Аляксандра Ельскага», занадта высока цэніць прыземлены рэалізм Ядвігіна Ш., залічае да паплечнікаў Купалы «ваяўнічага буржуазнага нацыяналіста Алеся Гаруна». Гэтак жа глядзіць на Гаруна і Ю. Пшыркоў. (Дарэчы, потым, як і Ларчанка, мой будучы настаўнік літаратуры на філфаку БДУ). У чым жа заганнасьць творчасьці гэтых беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў, пра якіх яшчэ год таму чытаў у часопісе «Беларусь» толькі станоўчае? На чыім баку праўда? У 1946 годзе ў Гайне купіў вялікі том В. Дуніна-Марцінкевіча «Выбраныя творы». (Тады вясковыя крамы былі «універмагамі», у якіх прадаваліся і соль, і камса, і газа, і кнігі). Дужа ўпадабаў паэму «Гапон», а ад «Пінскай шляхты» быў у захапленьні. Дзе ж там тыя ідэйныя заганы? Ён жа так бязьлітасна высьмейвае невукаў і скуралупаў царскіх чыноў­нікаў і дурную фанабэрыю цёмнай шляхты! У верасьні 1947-га ў кіёску на станцыі Рудзенск (вярталіся з калгасу, з «бульбы») купіў «Апавяданьні» Ядвігіна Ш. і таксама чытаў і перачытваў з захапленьнем — страшэнна таленавіты празаік! I як праўдзіва піша! I з якіх дэмакратычных, народных пазіцыяў!