Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 38

Ніл Гілевіч

Тады мне і ў галаву не магло прыйсьці, што ў 1921-1931 гадах, апрача названых чатырох, у Белпедтэхнікуме вучыліся яшчэ дваццаць, а можа, і больш паэтаў і пісьменьнікаў, у тым ліку Лукаш Калюга, Валеры Маракоў, Андрэй Александровіч, Сяргей Дарожны, Сяргей Астрэйка, Сьцяпан Ліхадзіеўскі, Віктар Казлоўскі, Міхась Багун, Зінаіда Бандарына, Станіслаў Шушкевіч, Антон Адамовіч, Міхась Кавыль, Уладзімір Стэльмах, Уладзімір Ляўданскі, Уладзімір Сядура, Сымон Хурсік і інш. Гэта — на працягу аднаго дзесяцігоддзя! Амаль усе яны былі ў 30-я гады арыштаваныя як удзельнікі падпольнай нацдэмаўскай арганізацыі Саюз Вызваленьня Беларусі (неіснуючай, прыдуманай у НКВД), многія былі расстраляныя, або загінулі ў канцэнтрацыйных лагерах, памерлі ў ссылцы. Сёньня ўжо можна гаварыць пра Белпедтэхнікум як пра зьяву унікальную ў гісторыі беларускай літаратуры, і, можа, калі-небудзь хто з гісторыкаў напіша працу аб гэтым. Цікава ўсё ж, чаму не універсітэту, а сярэдняй педагагічнай установе выпала такая гістарычная місія стаць агменем беларускага нацыянальнага духу, рассаднікам «нацыяналізму»... Ну, а мне ў 1947 было дастаткова ведаць, што там вучыліся і там сталі паэтамі Паўлюк Трус, Пятро Глебка, Максім Лужанін, Алесь Якімовіч.

Першая пасьля вайны рэспубліканская нарада маладых аўтараў была арганізавана праўленьнем Саюзу пісьменьнікаў Беларусі і Цэнтральным Камітэтам камсамолу рэспублікі. Сярод усіх удзельнікаў нарады — амаль без вынятку былых франтавікоў і партызанаў — я аказаўся самы маладзейшы. З ліку тых, чыю творчасьць абмяркоўвалі на нарадзе і што сталі пасьля вядомымі паэтамі і пісьменьнікамі, запомніліся мне Іван Шамякін, Мікола Аўрамчык, Андрэй Макаёнак, Алена Васілевіч, Дзьмітрый Кавалёў, Аляксей Русецкі (тады Бурдзель), Паўлюк Прануза, Нічыпар Пашкевіч, Алесь Астапенка, Мікалай Гарулёў і іншыя. Шчась­лівага хваляваньня мне ў тыя дні хапіла — як досыць. Дзіва што: столькі адразу пабачыць творцаў роднай літаратуры, у тым ліку і жывога класіка — вялікага народнага паэта Якуба Коласа. Ня толькі пабачыць, але і пачуць, паслухаць — і на пасяджэньнях секцыяў, і на рэспубліканскім сходзе пісьменьнікаў, прыўрочаным да нарады, і на пасяджэньні Праўленьня, дзе найбольш выяўленых і здольных маладых прымалі ў члены Саюза, і ў кулуарах, вядома, дзе таксама было цікава і паназіраць, і паслухаць. Менавіта тады я ўпершыню пабачыў Міхася Лынькова, Пімена Панчанку, Янку Маўра, Піліпа Пестрака, Петруся Броўку, Пятра Глебку, Васіля Вітку, Максіма Лужаніна, Івана Мележа, Янку Брыля, Аляксея Кулакоўскага, Паўла Кавалёва і многіх іншых. Усе пяць дзён нарады жыў, прыглядаючыся і прыслухоўваючыся да прызнаных і нават славутых працаўнікоў на ніве роднай літаратуры, а таксама і да тых, хто на гэту ніву толькі ўзыходзіў, — аж у грудзях тая радасьць ня месьцілася, і было мне страшнавата і трывожна-боязна ад думкі: а ці не выпадковы я таварыш тут, а ці ёсьць у мяне права быць сярод гэтых людзей, і што мяне чакае наперадзе — якая будучыня? Мары, вядома, мроіліся самыя сьвятлістыя, вясёлкавыя...