Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 37

Ніл Гілевіч

Помню, якое недаўменьне і засмучэньне агарнула мяне, калі быў літаральна здрапежаны (некалькі разоў у розных выданьнях — як прыклад «адступленьня») прыгожы лірычны верш П. Панчанкі «Сябры, я сягоньня на сінім золаку...». Верш мне так спадабаўся, што я міжволі запомніў некалькі строфаў на памяць. I вось — раптам! Ідэйна заганны твор! У ім «няма вартай увагі тэмы». А што ж заганнага ў гэтых цудоўных паэтычных радках?

Я глянуў на ліпу, пасьля на камень —

Мой позірк імгненна да іх прыліп,

Як прыліпалі пагляды вякамі

Да гэтых каменьняў, да гэтых ліп.

Хіба гэта ня вартая ўвагі тэма? Ды гэта ж Радзіма, гісторыя, пераклічка і еднасьць з далёкімі прашчурамі.

I раптам убачыў я на кары

Надпіс загадкавы «Аня».

I сумна мне стала чамусьці, сябры,

Ад гэтага знаку каханьня.

Добра сёньня маладым і зусім маладым, так бы мовіць, «з вышыні заваяванага» глядзець на жыцьцё, на літаратуру, на прызваньне паэта і паэзіі. Добра бачыць і разумець. Калі ня ўсё, дык многае галоўнае. Добра! Ніхто табе не дыктуе. А калі дыктуе — дык плюнь! Гэта — сёньня. А тады? Калі табе шаснаццаць, і ні з якой вышыні ты глянуць на жыцьцё ня можаш, ня маеш права. Вышыня ёсьць толькі адна: Крэмль у сталіцы Радзімы.

Нас прывучалі і прымушалі жыць казённым аптымізмам, жыць сацыяльна-палі­тычнымі лозунгамі і пісаць паводле лозунгаў. Гэта станавілася тваёй «пуцяводнай зоркай» — і ў жыцьці, і ў творчасьці. Ад «пуцяводнага» дакладу т. Жданава. Ад пуцяводных дакладаў і артыкулаў ідэалагічных лідэраў літаратуры. Дурная сацыяльна-класавая дыдактыка павінна была выцясьніць у літаратуры жывое шчырае слова пісьменьніка. У сэрца паэзіі патачыўся фальш. Галоўнае — прызнаньне ў савецкім патрыятызме, у вернасьці камуністычным ідэям. Што пустата і рыторыка — не бя­да, ня важна.

Так партыя, вуснамі і пёрамі літаратурных «вучыцялёў» моладзі, зьбівала з тропу, з дарогі натуральнага самавыяўленьня яшчэ зусім зялёных пачаткоўцаў. Ды хіба толькі пачаткоўцаў? Хіба менш выматвалі, круцілі-выкручвалі душу паэтам франтавога пакаленьня? Ды і жывым класікам?..

У ліпені 1947-га году мяне запрасілі на першую рэспубліканскую нараду маладых пісьменьнікаў. Было мне няпоўных шаснаццаць, я толькі закончыў сямігодку і сабраўся везьці сваё «чырвонае» пасьведчаньне ў Менскае педвучылішча, якое выбраў не таму, што надта хацеў стаць настаўнікам, а таму, што лічыў яго, можна сказаць, беларускім аналагам расейскага Царскасельскага ліцэю. З хрэстаматыйных біяграфіяў і іншых публікацыяў я ўжо ведаў, што ў Менскім педвучылішчы (у 1920-я гады — Белпедтэхнікум) выкладчыкам методыкі роднай мовы і літаратуры працаваў сам Якуб Колас, што студэнтамі гэтага «ліцэю» былі Паўлюк Трус (адзін з самых любімых тады маіх паэтаў), Пятро Глебка, Максім Лужанін, той жа Алесь Якімовіч. Паехаў у Менск на нараду і заадно павёз пасьведчаньне, пахвальны ліст і заяву-просьбу залічыць мяне студэнтам педвучылішча (дзе, вядома ж, збудзецца мая патаемная мара!).