Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 36

Ніл Гілевіч

— Гэта... табе?

Я не папрасіў, а можна сказаць, выхапіў у яго з рук бандэрольку. Глянуў на надпіс і ўсё зразумеў.

— Ну канешне, мне, — адказаў. — Вы ж бачыце.

— З Акадэміі навук? З Масквы? — усё яшчэ шырокімі вачыма глядзеў на мяне зьдзіўлены Мікалай Аляксандравіч.

— З Масквы, — кіўнуў я галавой, вымаючы з абгорткі часопіс.

— Дык ты маеш сувязі з Акадэміяй навук, прычым усесаюзнай?

— Не, проста выпісаў іх часопіс, каб чытаць аб літаратуры.

— Ну, брат! Так, глядзі, і акадэмікам станеш! — пахітаў галавой Мікалай Аляксандравіч. — Мусіць, ты, хлапец, далёка пойдзеш...

Зьбянтэжаны трохі такімі прадказаньнямі, я іранічна ўсьміхнуўся. Уявіў акадэміка: лысы, з доўгай сівой барадой, у акулярах...

Часопісам быў расчараваны, адразу зразумеў, што чытаньне не для мяне. Адзіны артыкул, у якім нешта спасьціг і запомніў, — пра Гандзі, лідэра нацыянальнага руху Індыіі за вызваленьне ад каланіялізму. Артыкул вельмі крытычны, бо Гандзі — супраць класавай барацьбы, па рэлігійна-філасофскіх і грамадска-палітычных поглядах ён — рэакцыянер.

***

Як я ўжо сказаў, вучэбнай праграмы па літаратурнай самаадукацыі ў мяне не было. Але было адно вялікае... АЛЕ. Была магутная накіроўчая ідэйна-эстэтычная сіла. Для часопісаў і газетаў, якія я чытаў, яна таксама была накіроўчай. Думаць, што я гэтую сілу ігнараваў і абыходзіў, было б сьмешна. Я — жыў у сістэме. Да таго ж — узрост, узрост, узрост.

Менавіта летам 1946-га, калі я пачаў публікаваць вершы ў рэспубліканскім друку, сакратар ЦК ВКП(б) А. Жданаў выступіў з дакладам «Аб часопісах «Звезда» і «Ленинград», у якім па-хамску збэсьціў творчасьць Ганны Ахматавай і Міхаіла Зошчанкі і даў наказы-настаўленьні ўсім паэтам і пісьменьнікам, пра што і як яны павінны пісаць і якое іх месца ў грамадскім жыцьці краіны, хто і што яны ёсьць у гэтым жыцьці, у гэтай сістэме, якія іх правы і абавязкі (дакладней — толькі абавязкі, пра ніякія правы гаворкі не было). Па дакладзе А. Жданава ЦК прыняў адпаведную пастанову.

Неўзабаве пасьля таго, як «пуцяводны» даклад тав. Жданава быў апублікаваны, беларускія літаратурныя ідэолагі пачалі набірацца партыйнай лютасьці і бязь­літасна жорстка абрынвацца на знойдзеныя ў творах паэтаў, у артыкулах крытыкаў адступленьні ад правільнай лініі, ад сацыяльна-класавых крытэрыяў, ад прынцыпаў партыйнасьці і народнасьці, ад маштабных сучасных праблемаў, ад духу наступальнай баявітасьці, ад уласьцівага нашаму народу-пераможцу аптымізму. (Гэты мой пералік «адступленьняў, заганаў і хібаў» — фактычна цытаты, толькі без двухкосьсяў). Пад удар траплялі нават выдатныя патрыятычныя вершы — за тое, што іх аўтары «з любоўю і гарачым захапленьнем успаміналі родныя крыні­цы, сосны, хаты...». А «сёньняшняму паэту трэба стаць вышэй гэтых хатніх пачуцьцяў, не забываць савецкага чалавека і яго справы» («Полымя», 1947, № 1). Гадоў праз трыццаць гэтае патрабаваньне выльецца ў славутую песенную формулу: «Наш адрес не дом и не улица, наш адрес — Советский Союз.»