Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 35

Ніл Гілевіч

Тут я павінен сказаць і пра аднаго беларускага лірыка, сучасьніка Ясеніна,— аднаго з маіх самых любімых у школьныя і педвучылішчныя гады,— пра Паўлюка Труса. Сказанае Горкім пра Ясеніна зусім прыкладаецца да асобы і творчасьці Труса — натуральна, з заменаю аднаго слова: «Які чысты і які беларускі паэт!» Яго чысь­ціню і беларускасьць я адчуў яшчэ тады, сямікласьнікам, адчуў на ўзроўні падсьвядомасьці, душой і сэрцам, нутром. З чысьцінёй і беларускасьцю я зьвязваў і дзівосную музычнасьць яго верша,— зрэшты, гэтая музычнасьць і была адной з галоўных выяваў беларускасьці. У той час не было паэта, які б так зачараваў мяне беларускай мелодыяй слоў, такім да болю родным гучаньнем радка. «Падаюць сьняжынкі, дыяменты-росы, падаюць бялюткі за маім акном...», «Ой пайду ў далячынь за сяло...», «Мора калышацца, мора жытнёвае, сьпелым калосьсем зьвіняць берагі...», «Не засьпі, пабудзі мяне рана, о! мая дарагая матуля!» — гэта паланіла душу да астатку і не адпускала. Як я яму ўдзячны за гэту школу паэзіі для сэрца! Старонкі тры вышэй я ўжо гаварыў пра маё стаўленьне да музычнай існасьці верша. Скажу мацней. Скажу словамі Марыны Цьвятаевай: «Ёсьць нешта ў вершах, што важней за іх сэнс — іх гучаньне.» Гэта і мой погляд на паэзію. Дзеля гучаньня я гатоў ахвяраваць у нейкіх долях сэнсам. Не галоўным вядома, але тым ня менш. А музыкай, мелодыяй, гучаньнем — не ахвярую. Таму і напісаў у 1962 годзе нешта накшталт лірычнага крэда: «Не адбірайце музыкі ў паэта, заканадаўцы паэтычных мод!..»

Вось такім чынам, паралельна з вучобай у Гаенскай сямігодцы, я закончыў за два з гакам гады, цалкам самастойна, свой слабодскі «літаратурны інстытут». Без ніякай распрацаванай сістэмнай праграмы навучаньня. Падручнікамі былі: часо­пісы «Беларусь», «Полымя», газета «Літаратура і мастацтва» і творы паэтаў і пісьменьнікаў, перш за ўсё набытыя ва ўласную бібліятаку; вядома ж, і тыя беларускія кніжачкі, што паступалі ў нашу вясковую хату-чытальню.

Наколькі моцнай і няўрымснай была мая хлапечая цяга да пашырэньня і па­глыбленьня літаратурных ведаў, сьведчыць адзін, як на сталае разуменьне, дзіўнаваты факт. У канцы 1946-га году, вучань сёмага класу, я выпісаў сабе на наступны 1947 год часопіс «Известия АН СССР. Отделение литературы и языка». У ад­дзяленьні сувязі, куды я кожны дзень прыходзіў як калгасны паштальён, быў Каталог савецкіх газетаў і часопісаў, у ім і наткнуўся я на гэтае выданьне. I падпісаўся. Нешта ж падшахнула замахнуцца на такі «навукова-папулярны» часопіс! Недасьведчанасьць і наіўнасьць, вядома. Ну, можа, трохі і амбіцыі. Помню, як атрымаў першы нумар. Часопіс быў абгорнуты грубай шэрай паперай, на якой друкаванымі сінімі літарамі (усё адно як штамп) значылася: «Академия наук СССР. Отделение литературы и языка». Далей: «Гилевич Н. С» і мой адрас. Начальнік пошты, былы франтавік, інвалід вайны Мікалай Давідовіч, прачытаўшы на тым «штампе» маё прозьвішча, вочы вылупіў: