Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 34

Ніл Гілевіч

Тым жа летам у таго ж старога кніжніка на Камароўцы (во ўжо каму я застаўся ўдзячны на ўсё жыцьцё!) купіў «Кнігу песень» вялікага нямецкага лірыка Генрыха Гейнэ — таксама яшчэ дакастрычніцкае выданьне, цудоўна аформленае ілюстрацыямі П. Тумана. Гэта было маё другое — пасьля «Разбойнікаў» і балад Шылера — знаёмства з заходне-еўрапейскай літаратурай. I ня проста знаёмства: «Кніга песень» стала на нейкі час адным з маіх галоўных падручнікаў па «курсу» лірычнай паэзіі. Нават выпіскі з яе рабіў у асобны тоўсты сшытак, куды заносіў розныя цікавыя выказваньні, думкі, выслоўі.

З усіх набытых тады мною кніг, названых тут і не названых, ацалелі і захаваліся ў маёй бібліятэцы толькі том Гогаля, «Кніга песень» Гейнэ, зборнікі Багдановіча і Панчанкі. Усе астатнія, пакуль вучыўся ў педвучылішчы, з дзіцячай волі меншых братоў і сясьцёр пайшлі па вёсцы, па руках чытачоў і не вярнуліся. Вельмі шкадаваў іх, асабліва Купалу, Коласа, Пушкіна і Твардоўскага,— праз усё жыцьцё ўспа­мінаў гэтую страту са шкадаваньнем. Надта ж шмат тады яны мне далі, тыя вялікія кнігі беларускай і рускай літаратуры, надта ж многім я быў ім абавязаны.

Прапаў і рукапісны сшытак вершаў Сяргея Ясеніна — сьведчаньне маёй незвычайнай юнацкай любові, скажу больш — майго абагаўленьня гэтай ні з кім не параўнанай постаці ў рускай паэзіі XX стагоддзя. Я адкрыў яго для сябе ў жніўні сорак шостага зусім неспадзяваным чынам. Мой сусед і сваяк Валодзя Барэйка, будучы на фронце, перапісаў сабе дзясяткі два вершаў Ясеніна з томіка, які насіў з сабой усе гады вайны ягоны камандзір — начальнік штаба часьці. Ён, сусед, і даў мне пазнаёміцца са сваім запаветным рукапісам. Я літаральна анямеў ад уражаньня. Ніколі раней чытаць такое мне не даводзілася — такія гранічна шчырыя лірычныя споведзі, выказаныя такой чароўнай вобразнай мовай. «Дык вось як, аказваецца, можна пісаць пра сваё асабістае, пра каханьне, пра ўзаемаадносіны з жанчынай, пра сыноўскія пачуцьці да маці!..» Усе тыя вершы я, канешне ж, перапісаў сабе, і яны назаўсёды аселі ў маёй памяці. Не абышлося тады ж і без перайманьня яго матываў, яго паэтыкі. Праз шмат гадоў у Максіма Горкага прачытаю: «Які чысты і які рускі паэт!» Менавіта: і які рускі!