Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 33

Ніл Гілевіч

Ахоплены гэтай неадольнай корцю — чытаць, чытаць, чытаць, і прагай мець кнігі дома, пад рукой, я пачаў, ужо з 1945-га года, патроху купляць іх, перадусім у Менску, вядома, куды мама пасылала мяне праведаць сястру Ліну, якая вучылася ў сталічным педвучылішчы імя Н. К. Крупскай. Першымі набытымі мной ва ўласную бібліятэку кнігамі былі: «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат», «Выбраныя творы» Максіма Багдановіча, «Творы» В. Дуніна-Марцінкевіча, «Выбраная лірыка» М. Ма­шары, «Выбраныя творы» П. Броўкі, «Поўдзень» В. Віткі, «Ранак ідзе» К. Кірэенкі; усьлед за гэтымі набыў: «На сотай вярсьце» А. Куляшова, «Выбраныя творы» П. Труса, «Паэмы» Я. Коласа, «Выбраныя творы» Я. Купалы, «Далёкія станцыі» П. Панчанкі. Набыцьцё кожнае з гэтых кніг было для мяне вялікім сьвятам. Асабліва — твораў Купалы, Коласа, Багдановіча, Труса, Куляшова, Панчанкі і ананімных паэмаў. Чытаў, перачытваў, вывучаў, як мог, іх паэтыку, каб пранікнуць у таямніцы «красы і сілы» (нават «прэпарыраваў» рытмічныя асновы верша — хто якім памерам больш карыстаецца: харэем, ямбам і г. д. Як быццам паэзія залежыць ад памеру). Улетку 1947-га я стаў гаспадаром і некалькіх вялікіх кніг рускай і сусьветнай літаратуры, якія таксама былі для мяне эстэтычнымі арыенцірамі. Гэта — вялізны і таўшчэзны, як Біблія, том твораў Пушкіна, у якім — уся яго паэзія, уся проза, уся літаратурная крытыка, сёе-тое з гістарычнай эсэістыкі... Купіў я гэтую таміну на Камароўскім базары, у нейкага інтэлігентнага з выгляду старога чалавека. Радасьці маёй, помню, не было межаў. Столькі Пушкіна ў адной кнізе! У таго ж дзеда-кніжніка на Камароўцы (я туды прывозіў прадаваць вішні) праз нейкі ты­дзень купіў Другі том Збору твораў Гогаля 1857 году выданьня — амаль прыжыцьцёвае. Гэта быў таксама вельмі аб’ёмісты том вялікага фармату, з пячаткай «Минского городского собрания». У ім — «Арабескі» ў двух частках і ўсе драматычныя творы геніяльнага пісьменьніка. Сярод «арабесак» — аповесьці «Партрэт» і «Неўскі прасьпект», «Запіскі вар’ята» і больш дзясятка артыкулаў, у тым ліку — «Некалькі слоў пра Пушкіна», «Аб маларасійскіх песьнях», «Пагляд на састаўленьне Маларасіі», «Скульптура, жывапіс і музыка»... Якое захапляльнае гэта было ў мяне чытаньне! I ня толькі аповесьці і п’есы, але і названыя артыкулы, асабліва пра Пушкіна і пра трох дзівосных сясьцёр, пасланых Творцам упрыгожыць сьвет — пра скульптуру, жывапіс і музыку. Уразіла, помню, што вышэй за ўсе іншыя мастацтвы Гогаль ставіць музыку, якая «раптам у адзін раз адрывае чалавека ад зямлі» і «пагружае яго ў свой сьвет». Уразіла, бо я і сам даўно адчуваў, што наймацней мяне і забірае ў палон музыка. Нават і ў паэзіі, якою ўжо неадступна мроіў, я, здаецца, перш за ўсё чуў мелодыю радка, інтанацыю, музыку, ва ўсякім разе без дасканалага эўфа­нічнага аснашчэньня верша не ўспрымаў.

Трэцяй вялікай рускай кнігай — кнігай-падзеяй у маім жыцьці ў тое лета — стаў аднатомнік выбраных вершаў і паэмаў Аляксандра Твардоўскага. Гэта было першае «Избранное» ужо тым часам знакамітага савецкага паэта, імя якога неаднойчы сустракаў на старонках газеты «Літаратура і мастацтва», але з яго паэзіі нічога не чытаў. Кнігу Твардоўскага загадчык слабодскай пошты прывёз з Лагойску на продаж, і я купіў яе прама на вуліцы, з калёсаў, ня даўшы занесьці ў памяшканьне. Том адкрываўся аўтабіяграфіяй паэта «О себе», эпіграфам да якой былі, набраныя драбнейшым шрыфтом, радкі: «Язык, на котором я говорил в детстве, был близок белорусскому. Это определялось не только близостью этнографической границы, но и тем, что предки мои были родом из Минской губернии. Впоследствии, познакомившись с образцами белорусской литературы и фольклора и услышав живую речь народа Белоруссии, я почувствовал их как нечто родное мне. Следы этой языковой стихии не трудно обнаружить во всем, что написано мною в стихах и прозе». Дата — Май, 1946 г. Гэтым эпіграфам-прызнаньнем Твардоўскага я быў як не ашаломлены: значыць, продкі з Менскай губерні, беларусы?! Во якое неспадзяванае адкрыцьцё! Твардоўскі — беларус паходжаньнем! Ды і нарадзіўся на этнаграфічнай мяжы з Беларусьсю. Дык гэта ж ён мог бы стаць і беларускім паэтам. Але і так добра, бо радасна ведаць, што ён такі блізкі нам. Сьляды беларускай моўнай стыхіі — ва ўсім, што ён напісаў. Напэўна, гэтая стыхія і спрычынілася таму, што яго вершы і паэмы («Страна Муравия», «Василий Тёркин» і «Дом у дороги») я чытаў і ўспрымаў гэтак жа лёгка, як вершы і паэмы Коласа, Купалы, Куляшова... Многае з яго кнігі, асабліва з паэм, тады ж завучыў на памяць; зрэшты, яно само запомнілася, без намаганьня. Такія ўжо асаблівасьці паэтыкі Твардоўскага: натуральнасьць гучаньня верша, жывая, гутарковая, па-народнаму афарыстычная мова.