Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 32

Ніл Гілевіч

Так адкрываў я для сябе ня толькі класікаў, але і імёны зусім новыя, маладыя, што якраз тады ўваходзілі ў беларускую літаратуру. Упершыню ўчытваўся і запамінаў: Іван Мележ, Янка Брыль, Аляксей Кулакоўскі, Мікола Лобан, Мікола Лупсякоў, Іван Шамякін, Алена Васілевіч, Кастусь Кірэенка, Аляксей Бурдзель (пазьней ён возьме сабе прозьвішча Русецкі) і інш.

Неаднойчы за апошнія чатыры дзесяцігоддзі я цытаваў пры нагодзе вялікага рускага педагога К. Ушынскага: «Язык народа — это его бессмертие». І далей: «Отнимите у народа все, и он все может воротить, но отнимите язык, и он никогда более уже не создаст его; новую родину даже может создать народ, но языка — никогда; вымер язык в устах народа — вымер и народ». Мудрае, геніяльнае выказваньне. Вялікая, непадлеглая аспрэчаньню ісьціна. І прачытаў я гэту мудрую выснову ўпершыню ў 1945 годзе, у часопісе «Беларусь», у артыкуле Міхася Судніка «Мова народа як фактар яго сілы і непераможнасьці». Аж хочацца паўтарыць: фактар яго сілы і непераможнасьці! Падкрэсьліваю: яшчэ ў 1945 годзе. Пасьля зусім недалёкіх нечуваных пагромаў беларускай нацдэмаўшчыны! У афіцыйным часопісе. Аўтар — супрацоўнік афіцыйнай навуковай установы. Пры Сталіне і яго вернападданых «сталіністых». Як жа гэта зразумець? Што за свабода слова? Што за паслабка-аддушына ў нацыянальнай палітыцы дзяржавы? А менавіта так і было: невялікая паслабка-аддушына, на якую пайшоў Крэмль у цяжкую, драматычную часіну вайны. Быў вымушаны «мудры з мудрых» часова адступіць ад жорсткай «інтэрнацыянальнай» дактрыны, каб хоць трохі задобрыць украінцаў, беларусаў, прыбалтаў і іншых насельнікаў акупаваных тэрыторыяў і не падштурхнуць іх да супрацоўніцтва з немцамі, не павялічыць сілы і маштабы калабаранцтва. Якраз тады, у 1943-1944 гадах і напісалі нашыя паэты: Броўка — пра Беларусь, пра Кастуся Каліноўскага, Максім Танк — пра родную мову, Пімен Панчанка — геніяльную нізку «Іранскі дзёньнік», усю пранізаную пяшчотнай любоўю да Маці-Беларусі. Вось з такімі радкамі:

Стаю ля Касьпійскага мора на беразе

I думкай уласнае сэрца трывожу:

Мая Беларусь, у рамонку і верасе,

Цябе не на жарты зрабіць я намерыўся

I самай багатай,

I самай прыгожай!

Але гэтая аддушына трывала зусім нядоўга — у жніўні 1946-га яна была наглуха перакрытая. Дакладам таварыша А. А. Жданава пра часопісы «Звезда» і «Ленинград», пра што гаворка наперадзе. Тут адно зазначу, што пададзеную вышэй страфу Панчанку прымусілі праз нейкі час перарабіць. Месца паэзіі заступіла штось несуразнае, банальнае, поснае: «Цябе не на жарты зрабіць я намерыўся Багатай, шчасьлі­вай, як песьня, прыгожай.» Як гэта кажуць: каб і хацеў горш сапсаваць — дык нельга.