Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 31

Ніл Гілевіч

Памятаю, якое ўражаньне зрабіла на мяне нататка пра зусім раней невядомага мне Каруся Каганца, асабліва радкі зьмешчанага там жа яго верша: «Ой вецер шуміць, ой вецер гудзе, А цераз поле чалавек ідзе». Цяжка сказаць, чым з першага прачытаньня кранулі і запалі ў душу гэтыя нібыта зусім звычайныя, просьценькія радкі, а вось жа кранулі, запалі, і на ўсё жыцьцё. I імя іх аўтара ад таго першага дня стала мне дарагім і блізкім. Гэтак сама, як і імя Ядвігіна Ш., адкрытае для мяне тады ж: пра яго пісалася і ў «Беларусі», і ў «ЛіМе». А ў верасьні 1947-га мне пашчасьціла купіць у кіёску на стацыі Рудзенск яго кніжачку «Апавяданні». Божа, якія пярліны жывое народнае мовы абсыпаліся на мяне з яе старонак! Колькі разоў я зноў і зноў перагортваў іх! З думкаю, вядома, якая ж багатая, аказваецца, наша літаратура і як я мала ведаю яе. А як было ня ўразіцца ад нататкі Сьц. Александровіча пра П. Шпі­леўскага: я ніколі ня чуў гэтае імя, а ён, аказваецца, аўтар шасьці кніг і добрай сотні аповесьцяў, апавяданьняў, артыкулаў аб родным беларускім краі. Мяркуючы па нататцы, вельмі цікавыя, каштоўныя кнігі і артыкулы, а дзе ж і калі я знайду іх і пачытаю? Так распальваўся ўва мне пал адкрыцьця і пазнаньня новага, непазнанага, прага асвоіць як мага больш спадчыннага, рассунуць гарызонты роднага.

У гэтым курсе літаратурнай самаадукацыі, які цалкам ішоў па-за школай, я адкрываў шмат новага і ў творчых лёсах і абліччах тых, чые імёны былі вядомы яшчэ з буквара і чытанкі, чые творы вывучаліся на ўроках літаратуры. Скажам, той жа М. Ларчанка ў артыкуле «Янка Купала — вялікі асьветнік» цытуе радкі паэта, якія я ня змог бы знайсьці ні ў адным яго выданьні 30-х гадоў — радкі вельмі і вельмі купалаўскія. А тут я іх прачытаў.

Шчасьлівы ты ці не шчасьлівы,

Будзі сыноў сваёй зямлі.

Над беларускай соннай нівай

Нязгасны сьветач распалі!

Помню, як мяне ўразіў адным момантам артыкул-успамін жонкі паэта У. Луцэвіч «Янка Купала ў Вільні». Яна згадвала нейкую вечарынку, на якой Купала «танцаваў неяк сьмешна дробненька «польку». Купала — танцаваў? Ён жа вялікі паэт! Ён жа ... Бог! Хіба багі танцуюць? Такое неразумнае дзіцячае зьдзіўленьне запыніла мяне на прачытаным. З гэтага ж успаміну У. Луцэвіч даведваюся, што Сяргей Палуян «быў самы блізкі друг Янкі Купалы». Самы блізкі друг! Той Сяргей Палуян, якому Максім Багдановіч прысьвяціў свой геніяльны трыялет «Ты быў як месяц адзінокі...» Значыць, і Багдановічу быў блізкім сябрам. А хто ён, гэты Сяргей Палуян? Як даведацца? Там жа вычытаў, што ў Вільні Купала сустракаўся са знакамітым рускім паэтам Бальмонтам і ня менш знакамітым Брусавым. Цікава! Страшна цікава! Абодва знакамітыя, а я нічога, ні радка, з іх паэзіі не чытаў.