Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 30

Ніл Гілевіч

А наогул — найлепшыя для чытаньня гады міналі ўпустую, без чытаньня.

На пачатку 1945-га году ў Слабадзе адчынілі хату-чытальню — культасьветустанову рангам ніжэйшую за даваенны Дом сацыялістычнай культуры. Месьцілася яна гады паўтары ў звычайнай вясковай хаце — спачатку ў адной, пасьля ў другой, пакуль не «зьляпілі» пад сельсавет новую будыніну, палавіну якой адвялі пад хату-чытальню. На вялікую-вялікую маю радасьць у чытальню пачалі паступаць новыя беларускія кнігі (усе, што выходзілі ў Менску, а было іх мізер, лічаныя), і, што асабліва аказалася важным,— часопісы «Полымя», «Беларусь» і газета «Літаратура і мастацтва». З гэтага самага часу пачалася мая сур’ёзная (без іроніі) літаратурная самаадукацыя, так бы мовіць — мой Слабодскі завочны літінстытут, адно што без выкладчыкаў, экзаменаў і залікаў. За два з гакам гады — да паступленьня ў верасьні 1947-га ў Менскае педвучылішча — я прачытаў на старонках названых літаратурных выданьняў (а ўважліва-ўважліва!) сотні вершаў, дзясяткі апавяданьняў, аповесьцяў, раманаў, а галоўнае — сотні літаратуразнаўчых артыкулаў і нататак, рэцэнзій і водгукаў на новыя кнігі. З асаблівай цікавасьцю чытаў публікацыі па гісторыі беларускай літаратуры і культуры, артыкулы, нататкі, успаміны пра выдатных пісьменьнікаў, паэтаў, мастакоў, артыстаў, асьветнікаў і навукоўцаў. Менавіта ў гэтыя гады я адкрыў для сябе імёны А. Гаруна, Ядвігіна Ш., К. Каганца, Я. Чачота, П. Шпілеўскага, І. Насовіча, Е. Раманава, М. Нікіфароўскага, Я. Карскага, Л. Канд­ратовіча, А. Ельскага, В. Эпімаха-Шыпілы, С. Палуяна, М. Доўнар-Запольскага, І. Грыгаровіча і многіх яшчэ. Мяне моцна цікавілі лёсы гэтых выдатных сыноў Беларусі, іх жыцьцё і творчасьць, і я ўжо не пакідаў без увагі ніводнай новай пра іх публікацыі. З ліку аўтараў, чые артыкулы, рэцэнзіі, нататкі мне асабліва падабаліся, хачу вылучыць Міхася Ларчанку, Уладзіміра Агіевіча і яшчэ зусім тады маладога — дваццаціпяцігадовага — Сьцяпана Александровіча.

У плане асьвятленьня гісторыі нашай літаратуры і культуры — асьвятленьня навукова-аб’ектыўнага, не падагнанага пад канцэпцыі вульгарнага сацыялагізму — паперадзе іншых выданьняў ішоў часопіс «Беларусь» (галоўным рэдактарам быў тады Ільля Гурскі — звыш афіцыйны ў сваіх уласных творах пісьменьнік). У артыкуле М. Ларчанкі «Творчасьць Алеся Гаруна» (быў зьмешчаны і партрэт забароненага, схаванага ад чытачоў паэта) гаварылася: «Алесь Гарун — таленавіцейшы беларускі паэт. Па сваіх ідэйных поглядах і творчаму метаду ён прымыкаў да рэвалюцыйна-дэмакратычнага напрамку...» «А. Гарун быў шчырым патрыётам сваёй Ра­дзімы і народу». Ён патрабаваў «для беларускага народу сацыяльнага і нацыянальнага вызваленьня». «Радзіма, родная Беларусь была для Гаруна вышэй за ўсё». I ішлі радкі з вершаў, якія пацьвярджалі сказанае. О, як заінтрыгаваў мяне аўтар артыкула гэтай магутнай постацьцю паэта-грамадзяніна! Праз колькі гадоў на старонках партыйнага друку гакнуць па Ларчанку за тое, што ворага Кастрычніцкай рэвалюцыі назваў «шчырым патрыётам Радзімы і народу». Сёньня здаецца проста неверагодным, што тады, у 1945-м, часопіс «Беларусь» пусьціў да чытачоў такое слова пра Алеся Гаруна. Але ж перад усім павінен быў знайсьціся аўтар, каб напісаць гэтае слова! А ў Ларчанкі ў тыя гады сьмелых, падобных гэтаму, выступленьняў было нямала. I я міжволі прыгадваю, як дзесьці ў сярэдзіне 60-х аўтарытэтны знаўца і ацэншчык паэзіі Р. Бярозкін іранічна пытаў у мяне: «Вы працуеце на кафедры ў Ларчанкі? I што — студэнты слухаюць яго лекцыі? Што вы кажаце!?.» Было, прызнаюся, непрыемна. Можа, прафесар М. Р. Ларчанка і ня самы вялікі эстэт у беларускай навуцы аб літаратуры, але, але!.. Зьдзеклівай іроніі яго імя ніяк не заслугоўвае. Як і герой яго артыкулу, ён і сам быў шчырым, сапраўдным патрыётам Беларусі, беларускага народу, беларускага паэтычнага слова.