Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 29

Ніл Гілевіч

Дык вось Павел Купрыянавіч Герман аднойчы затрымаў мяне пасьля ўроку, сказаў, што чытаў мае вершы ў «Бярозцы», пахваліў, нават вельмі, пацікавіўся, ці даўно пішу, каго з паэтаў люблю чытаць, і нечакана прапанаваў: «Зьезьдзі са сваімі вершамі ў Менск да рэдактара «Бярозкі» Алеся Якімовіча, пазнаёмся з ім асабіста, гэта мой даўні сябра, і я напішу табе рэкамендацыйны ліст, з лістом ты да яго і заявіся, хочаш — на кватэру, хочаш — у рэдакцыю. Зьезьдзі, пазнаёмся, карысна бу­дзе...» Я ажно разгубіўся. «Ехаць да Якімовіча? Да самога Якімовіча — галоўнага рэдактара «Бярозкі»? Не, на гэта ў мяне сьмеласьці ня хопіць». Ня помню, што я там прамармытаў у адказ на прапанову, але Павел Купрыянавіч зразумеў, што не паеду. «Дарэмна адмаўляешся,— сказаў ён.— Падумай і скажы мне, калі надумаешся...»

«Надумацца» я ня мог, гэта было вышэй маіх сілаў — ехаць наўмысна са сваімі вершамі да вядомага пісьменьніка. Ня ведаю, ці зразумеў настаўнік прычыну майго адмаўленьня, ці здагадаўся, што пайсьці на гэта мне не дазволіла мая вялікая прыродная бяда — незвычайная, да хваравітасьці, сарамяжлівасьць. Божа, колькі я ў свае маладыя гады страціў праз яе! Як бы іначай магло многае ў маім жыцьці павярнуцца, калі б ня гэтая самая бяда, калі б хоць трохі больш сьмеласьці, рашучасьці, адкрытасьці! Колькі ўпушчана шчасьлівых выпадкаў, колькі страчана самім Богам пасланых магчымасьцяў атрымаць параду і маральную падтрымку ад старэйшых паэтаў і пісьменьнікаў, ад вядомых майстроў слова! Асабліва на тым першым, пачатковым этапе творчага станаўленьня,— да паступленьня ва універсітэт, калі троху-патроху пачаў у сабе тую дзікую сарамяжлівасьць перамагаць.

***

Амаль усе тры гады майго жыцьця пад акупацыяй, асабліва два апошнія, прайшлі, можна сказаць, зусім без чытаньня. I гэта ў такім узросьце!

Кніг не было. Кніг не было. Кніг не было!.. Хіба выпадкова траплялася якая раз у паўгоду. Помню іх: зборнік вершаў Купалы, кніга баек Крылова, том выбраных твораў Максіма Горкага, «Былое і думы» Герцэна...