Читать «Лёс Дункана» онлайн - страница 3

Віталь Вольскі

Любіў Дункан гуляць і ў мяч. Хлапчукі падбівалі футбольны мяч нагамі, а Дункан гнаўся за ім і хапаў лапамі з-пад самых ног у заўзятых футбалістаў. Асцярожна і далікатна гуляў ён з дзяўчынкамі, падштурхоўваючы маленькі каляровы мячык носам.

У такіх гульнях час праходзіў непрыкметна і для дзяцей і для Дункана.

Дзеці, мабыць, здаваліся Дункану яго родзічамі, такімі ж малымі леапардамі. Толькі, можа, крыху нязграбнымі, не вельмі спрытнымі і дужымі, не вельмі шпаркімі ў руху. Але Дункан любіў дзяцей, як і дзеці — яго. Ён быў агульнапрызнаным любімцам усіх хлапчукоў і дзяўчынак двара, а двор гэты — вялікі, бо аб’ядноўваў некалькі шматкватэрных дамоў па вуліцы Міра.

Сутычка з грозным веліканам

У суседнім доме жыў у прафесара вялізны і страшэнны, чорны дацкі дог, вельмі дужы і вельмі люты. На двары ён трымаў сябе — як гаспадар. Нікому спуску не даваў. Усе яго баяліся: і сабакі, і людзі. Адзін толькі Дункан, тады яшчэ зусім невялікі, не спалохаўся.

Калі дог пры першай сустрэчы кінуўся на яго, Дункан не ўцёк, не саступіў з дарогі. Ён застаўся стаяць на месцы, толькі зашыпеў, прыгнуўся, зморшчыў нос і выскаліў у знак перасцярогі вострыя белыя іклы.

Грозны велікан з разгону падляцеў да дзёрзкага смельчака. Ён прывык да хуткіх і бліскучых, маланкавых перамог, але на гэты раз пралічыўся. У наступную хвіліну дог уцякаў з крывавымі ранамі на грудзях, на баку і на спіне. Ён жаласна скавытаў, забыўшыся на ўсю сваю сілу і на свой аўтарытэт. Дог хацеў зараз толькі аднаго — каб найхутчэй апынуцца на знаёмай надзейнай лесвіцы і схавацца там на пляцоўцы другога паверха. А Дункан застаўся на месцы. Ён стаяў з абыякавым выглядам, быццам абсалютна нічога тут не здарылася.

З таго моманту малады леапард пачаў лічыць сабак сваімі ворагамі.

Пасля памятнай сутычкі грозны дог стараўся ніколі не трапляць на вочы Дункану. Ён заўсёды абмінаў леапарда, далёка яго абыходзіў.

Становішча дога на двары моцна і непапраўна пахіснулася.

Жыццё ў кватэры

Калі Дункан быў яшчэ малы, яго часта пакідалі дома аднаго, замыкалі на кухні. Цэлымі гадзінамі ляжаў ён там на падаконніку і грэўся на сонцы. Наглядаў за тым, што робіцца на двары. Потым усё зрабілася куды больш складаней. Алена Аляксандраўна пачала баяцца, што Дункан можа выціснуць шкло і скочыць з вышыні пятага паверха на двор. Цяпер у кватэры заўсёды хто-небудзь заставаўся разам з Дунканам.

Вельмі ён любіў купацца ў ванне, дзе яго час ад часу мылі. Ён сам ахвотна лез у ваду. Калі ў ванне мылі бялізну і пакідалі яе там у вадзе, а дзверы былі адчынены, то Дункан абавязкова лез у ванну і з вялікім задавальненнем плёскаўся пасярод чыстай бялізны.

На кухні ён сам навучыўся адкручваць лапамі водаправодны кран і піў ваду колькі хацеў, а кран пакідаў адкрытым. Яшчэ ён добра ведаў, калі дзверы з кватэры на лесвіцу былі замкнуты на ключ і калі — адкрытыя. Ён падыходзіў да незамкнёных дзвярэй, хапаў ручку пярэдняй лапай, націскаў уніз і адначасова цягнуў на сябе. Адкрыўшы дзверы, адразу спускаўся па лесвіцы на двор.