Читать «Лёс Дункана» онлайн - страница 6

Віталь Вольскі

Адбылося гэта ў лютым 1959 года, гадзін у пяць раніцы. Было цёмна, да світання далёка, трымаўся невялікі мароз. Падалі сняжынкі. Сняжок прыпарушыў сухую, падмёрзлую зямлю…

Забыўшыся на свой ранейшы намер прабрацца ў старую клетку, Дункан пайшоў па тэрыторыі заапарка.

На свежым снезе заставаліся ўсюды выразныя, круглыя адбіткі яго лап.

Пачатак самастойнага жыцця

Звер, які вырас у клетцы, прывыкае да яе, як да свайго роднага дома, дзе блізкі яму кожны куток. Неахвотна пакідае ён клетку і выходзіць у невядомы і, магчыма, варожы яму свет. Але тут, на тэрыторыі заапарка, усё было Дункану добра знаёма. Па гэтай алеі, паўз высокі павільён з мітуслівымі малпамі і далей, паўз неглыбокую сажалку з гусямі, лебедзямі, качкамі і чайкамі, ён ішоў з Аленай Аляксандраўнай не адзін раз. Алея вяла да аднапавярховага будынка дырэкцыі і да прахадной на вуліцу. Усё гэта быў прывычны свет. Звер хадзіў тут кожны дзень на працягу больш як паўгода.

Прыбіральшчыца ўжо прыйшла, і прахадная была адкрыта. Леапард падышоў да будынка дырэкцыі. Тут яму таксама даводзілася бываць. Дзверы адчынены. Прыбіральшчыца мыла падлогу ў другой палове памяшкання. Дункан ціха ўвайшоў у бухгалтэрыю, усё тут агледзеў і выйшаў. Вуліца, ціхая і спакойная, была яму добра знаёмая. Па ёй Алена Аляксандраўна хадзіла з ім на работу. Звер пайшоў уздоўж высокага зялёнага паркана, якім быў агароджаны з вуліцы заапарк, і павярнуў направа ў бок чыгункі. Трохі пастаяў, спыніўшыся перад рэйкамі, і, не заўважыўшы ніякай небяспекі, перайшоў лінію. За полем цямнеў лес. Тут, таксама як і на вуліцы, было ціха і бязлюдна. Дункану захацелася вярнуцца дамоў, у клетку. Ён адчуў голад і павярнуў назад. Зноў перайшоў цераз чыгунку, але цяпер на гэтым шляху ўзнікла шмат перашкод.

Пакуль ён блукаў па ўскраіне, добра ўжо развіднела. На вуліцы пачаўся рух. Чародамі ішлі адна за адной машыны — грузавікі, аўтобусы, легкавыя. З шумам і грукатам пранёсся па рэйках цягнік, і гэта звера спалохала. Са сваёй выхавальніцай Дункан хадзіў толькі па самых ціхіх, спакойных вуліцах і па алеях парку. Цяпер увесь гэты шум трымаў яго ў стане напружання. Ісці па вуліцы ён не адважваўся. На тратуарах пачалі з’яўляцца людзі, але ніхто з іх, відаць, і не думаў прынесці яму мяса, хоць час кармлення даўно мінуў.

Дункан не хацеў паказвацца незнаёмым людзям на вочы. Ён хаваўся цяпер у садах і палях за маленькімі хаткамі і асабнякамі, у глыбокіх ярах, якіх тут было нямала, і невялікіх пералесках.

Так леапард непрыкметна выбраўся з горада і апынуўся ў лесе, які падступаў блізка да гарадской ускраіны. Адсюль Дункан зрабіў яшчэ спробу пракрасціся да заапарка, але з гэтага зноў нічога не атрымалася.

Пачало цямнець.

На вуліцах запаліліся ліхтары, але рух аўтамашын не зменшыўся. Наадварот, паток іх здаваўся бясконцы.

Цёмна-бэзавае неба ператварылася на ўсходзе ў цёмна-сіняе, а ўсю заходнюю палову небасхілу ахапіла вогненна-чырвонае і малінавае зарава зімовага захаду. Неба, якое ўсё больш цямнела, было цяпер асветлена безліччу агнёў. Святло ішло ад вулічных ліхтароў, ад акон шматпавярховых дамоў, ад сініх, чырвоных і зялёных рэклам над вітрынамі магазінаў і над дахамі высокіх будынкаў.