Читать «Лёс Дункана» онлайн - страница 5

Віталь Вольскі

Хоць клетка і была даволі прасторная, але разгарнуцца як след Дункан усё ж такі не мог. На волі дарослы леапард робіць вялікія скачкі на тры метры ў вышыню і на тры метры ў даўжыню. Прытым пачынае іх адразу з месца, з зямлі, без разгону.

Вымушаная бяздзейнасць вельмі надакучвала зверу. Ён не ведаў, на што, дзе і як прымяніць сваю сілу і спрыт. Патрэба ў руху павялічвалася з кожным месяцам усё больш і больш. Цяпер гэта быў надзвычай прыгожы звер, вельмі зграбны і гнуткі, у ім адчувалася і магутная сіла, і грацыёзнасць. Выгляд у яго быў высакародны, самавіты і велічны.

Выхаваны ў кватэры чалавека, Дункан адносіўся да людзей прыхільна, не праяўляў варожых намераў, а Алене Аляксандраўне быў па-ранейшаму адданы і заўсёды радаваўся, калі яна прыходзіла да яго. Характар у Дункана быў спакойны і роўны, хаця ўвогуле гэтым вялікім кошкам больш уласцівы неўраўнаважанасць і частая змена настрою.

Дункан па-ранейшаму любіў дзяцей. Калі тыя набліжаліся да яго, звер заўсёды радаваўся, хваляваўся, падыходзіў да кратаў, муркаў і глядзеў добрым, ласкавым позіркам.

У заапарку падумвалі аб тым, каб аддаць Дункана ў навучанне. Няхай утаймавальнік дзікіх звяроў навучыць яго розным фокусам цыркавога майстэрства, да якога Дункан праяўляў відавочныя здольнасці.

Але жыццё маладога леапарда склалася іначай. Далейшы яго лёс вырашыў непрадбачаны выпадак.

Уцёкі

Здарылася так, што выхавальніца Дункана паехала ў двухмесячны адпачынак. Спачатку звер сумаваў, шукаў Алену Аляксандраўну кожны дзень сярод работнікаў і наведвальнікаў заапарка. Пільна і нецярпліва прыглядаўся да кожнага, хто падыходзіў да клеткі, але пад канец прымірыўся з адсутнасцю дарагога для яго чалавека.

Неўзабаве Дункана перавялі ў суседнюю, зімнюю клетку, значна меншую за тую, прывычную для яго, можна сказаць, родную, у якой ён пражыў каля года. У старую клетку пасялілі самку леапарда, яе толькі што прывезлі з Заацэнтра.

Дункан быў незадаволены перасяленнем. Хваляваўся, доўга і прыдзірліва разглядаў і вывучаў кожны куток свайго новага жылля.

У мураванай сцяне зімняй клеткі было на вышыні двух з лішнім метраў акно, якое цягнулася ўздоўж усёй сцяны, доўгае і нізкае, з рэдкімі кратамі і без шкла. Акно было якраз над дахам яго старой клеткі.

Ноччу Дункан не спаў. Ён шукаў выйсця, каб вярнуцца ў старую клетку. Увагу яго адразу прыцягнула акно.

Прымераўшыся і добра падскочыўшы, Дункан ухапіўся лапамі за краты акна.

Адлегласць паміж жалезнымі прутамі — даволі шырокая. Адзін з прутоў быў умацаваны слаба. Трымаючыся пярэдняй лапай за краты і ўпіраючыся кіпцюрамі задніх лап у цагляную сцяну, Дункан здолеў другой пярэдняй лапай і галавой адсунуць і сагнуць слабы прут. Ён штурхануў драўляную шыбу, у якой не было шкла, і яна ўпала на дах летняй клеткі. Тады Дункан спачатку прасунуў галаву і пярэднія лапы ў адтуліну, а потым праціснуўся ўсім целам і апынуўся на даху. Адтуль ён лёгка скочыў на зямлю.