Читать «Лёс Дункана» онлайн - страница 12
Віталь Вольскі
На волі яму часта не хапала чалавечага асяроддзя. Дзікі звер, які з маленства прывык да людзей, ужо не дзікі, хаця б ён і апынуўся зноў на волі. I ўсё ж паказвацца людзям на вочы Дункан не адважваўся. Ён любіў назіраць за людзьмі так, каб яны не маглі яго ўбачыць. Жыў у лесе недалёка ад людзей, часам нават побач з імі, бачыў іх, падбіраўся блізка да чалавечага жылля, цікаваў, як людзі працуюць у полі, як збіраюць у лесе грыбы і ягады, як купаюцца ў рэчцы. Але сам трымаўся так асцярожна і непрыкметна, што ніхто і не здагадваўся аб яго блізкай прысутнасці. Леапарды ўмеюць гэта рабіць дасканала.
Зіма ўжо даўно змянілася вясною, вясна — летам.
Неяк увечары Дункан наблізіўся да лясной сядзібы. Мякка ступаючы, ён падкраўся да самага дома, залёг у кустах і пачаў наглядаць за тым, што рабілася перад ганкам.
Тут сабраліся разам гаспадары і госці. Пасля вячэры пад адкрытым небам яны гучна размаўлялі і смяяліся. Пасярэдзіне двара распалілі вогнішча. Адзін з гасцей узяўся за гармонік. Нехта заспяваў, іншыя падхапілі. Мілагучная мелодыя абудзіла вячэрні змрок.
Музыка напомніла Дункану гарадскі двор, дзе ён вырас. Там не адзін раз чуў ён тую ж мелодыю на гармоніку.
Леапард ляжаў у некалькіх метрах ад вогнішча і больш гадзіны дапытліва і цярпліва сачыў за тым, што рабілася на двары. Жоўтыя вочы яго неадрыўна глядзелі на зыркі агонь, на зіхатлівыя іскры, якія з трэскам узляталі ў паветра і згасалі ў цёмным вячэрнім небе, на людзей, што стаялі і сядзелі вакол агня. Уважліва і цікаўна слухаў ён музыку. Калі гарманіст спыніў ігру і людзі пачалі разыходзіцца, Дункан нячутна знік у цемры.
Ён вярнуўся сюды і на другі дзень, калі надышоў вечар, але на двары нікога не было. Леапард зразумеў, што слухаць музыку на гэты раз не давядзецца, што чакаць няма сэнсу, і ціха адступіў у лясны гушчар.
Дрэва над сцежкай
Часам ён бачыў чалавека зусім блізка ад сябе нават і ў лесе. У сонечны поўдзень Дункан ляжаў на суку старой ліпы над сцежкай, у самай густой лістоце. Ён спаў, звесіўшы ўніз доўгі хвост, і сонечнае святло зіхацела і гуляла ў яго залацістым, гладкім і бліскучым футры. Як і ў кожнага далёкаўсходняга леапарда, шкура ў Дункана мела яркі рыжавата-жоўты колер. На лапах яна была густа пакрыта чорнымі круглымі плямкамі, а на спіне і баках — плямкамі, падобнымі на чорныя кветкі шыпшыны. Бруха было чыста белае.
Светлыя блікі сонца і цёмныя адбіткі лістоў пераліваліся і змешваліся з плямкамі і карункамі, якімі ўпрыгожана яго жоўтая шкура, ствараючы надзейную ахоўную афарбоўку. Сонечнае святло, прасейваючыся скрозь зялёную лістоту, пакідала ў змроку ляснога гушчару такія ж плямкі на зямлі і на дрэвах. I ўсё гэта разам выглядала як прыгожы малюнак, намаляваны славутым мастаком, імя якому — прырода.
Дункан раптам прыўзняў галаву і ўбачыў, што па сцежцы ідзе чалавек. Прыжмуранымі вачыма сачыў за ім. З кожным крокам чалавек набліжаўся да звера, пакуль не спыніўся пад самым сукам, на якім ляжаў леапард. Дункан мог, калі б захацеў, дакрануцца да чалавека, зачапіць яго лапай, але такога жадання ў яго ніколі не з’яўлялася. Ён ляжаў ціха і нічым не выяўляў сябе, бо стараўся ўнікаць непасрэдных кантактаў з незнаёмымі людзьмі.