Читать «Лёс Дункана» онлайн - страница 10
Віталь Вольскі
Сабака спыніўся, здзіўлены без меры. Спачатку ён брахнуў з неспадзеўкі. Потым зрабіў некалькі няпэўных крокаў наперад, насцярожана прыглядаючыся і прыслухоўваючыся. Уся постаць яго выяўляла вялікую зацікаўленасць. Ніколі не бачыў ён такога прыгожага і, відаць, рахманага звера!
Дункан па-ранейшаму не звяртаў на яго ўвагі. Ён ляніва выпрастаўся, выцягнуў пярэднія лапы, паклаў галаву на зямлю і лагодна замуркаў.
Цікаўнасць перамагла. Заінтрыгаваны сабака падышоў яшчэ бліжэй.
У той жа момант Дункан скочыў.
Жоўтае цела яго з чорнымі плямамі прасвістала, як страла ў паветры, бліснула, як маланка. Сабака не паспеў ні забрахаць, ні заенчыць, калі страшныя іклы схапілі яго за горла, а вострыя кіпцюры разадралі жывот.
Ніхто нічога не пачуў і не ўбачыў.
Дункан павалок забітага сабаку цераз паляну і праз хвіліну знік з ім у лесе. Здабычы хапіла Дункану на два разы. Увечары ён з’еў усё да апошняга валаконца, да апошняга шматка шкуры. I ад касцей нічога не засталося. Усё разгрыз, усё праглынуў.
Пад’еўшы, Дункан патачыў свае кіпці аб грубую і тоўстую кару старога дуба. Яны ачысціліся ад дробных кавалачкаў мяса і зрабіліся яшчэ больш вострымі.
Пасля такога ўдалага палявання леапард адчуў сапраўдны смак сабачыны. Першы раз, некалькі дзён назад, ён забіў сабаку выпадкова. Цяпер гэта было загадзя задуманае і ўдала праведзенае паляванне. Ён стаў глядзець на сабак як на жаданую здабычу, як на адзін з асноўных аб’ектаў палявання, да таго ж і даволі лёгкага.
Усе паляўнічыя, звераловы, заолагі і ўтаймавальнікі дзікіх звяроў, якім даводзілася мець справу з леапардамі, сцвярджаюць у адзін голас, што гэта не толькі дужы і смелы, але і вельмі разумны, хітры і вынаходлівы драпежнік.
Дункан не затрымліваўся доўга на адным месцы. Пажыўшы ў пэўнай мясцовасці два-тры дні, перабіраўся далей. Інстынкт падказваў яму, што нельга заставацца там, дзе ён забіў ля чалавечага жылля сабаку ці нават курыцу.
Калі здабыча была з’едзена, звер заўсёды адыходзіў далёка і больш назад не вяртаўся.
Так было і на гэты раз.
З’еўшы сабаку і адпачыўшы ў лясной глушы, Дункан рушыў далей.
Паляванне на дзіка
Ён пачуў яшчэ здалёку нейкія дзіўныя гукі, якіх раней ніколі не чуў. Гэта было рохканне невядомай жывёліны.
Дункан прыслухаўся.
У марозным паветры выразна вылучалася некалькі галасоў. Адзін з іх, басавіты, нізкі, быў гучнейшы і мацнейшы за іншыя. Астатнія — тонкія, высокія і пераходзілі часам у віск. Яны належалі, мусіць, маладзейшым істотам.
Дункан ляжаў і не варушыўся.
Ніхто яго, народжанага ў няволі, не мог навучыць правілам жыцця ў лесе. I тут, як і заўсёды ў адказныя хвіліны, прыйшлі на дапамогу яму інстынкты, якія дасталіся ў спадчыну ад незлічоных пакаленняў продкаў і якія цяпер праявіліся раптоўна. У новых умовах існавання звер мог разлічваць толькі на іх.