Читать «Лёс Дункана» онлайн - страница 11

Віталь Вольскі

Чарада дзікіх свіней набліжалася па лясной сцежцы да Дункана, які затаіўся ў кустах.

Наперадзе ішоў стары магутны сякач, за ім — некалькі маладых дарослых свіней. Ззаду беглі трушком, адзін за адным, падсвінкі і парасяты. Яны то адставалі, то даганялі папярэдніх.

Леапард шчыльна прыціснуўся да зямлі.

Уся чарада прайшла міма.

Дункан хацеў рушыць за імі, але ззаду пачуліся нягучнае рохканне і дробны тупат капытоў. Адзін непаслухмяны і легкадумны, а можа, проста хворы і таму марудны падсвінак недзе затрымаўся, адстаў і цяпер спяшаўся дагнаць чараду.

Дункан прыгнуўся яшчэ больш, прыціснуўся да зямлі так шчыльна, што галава яго была ніжэй за плечы. Усе мускулы напружыліся, але ён ляжаў нерухома. Толькі самы кончык доўгага і гнуткага хваста ледзь прыкметна варушыўся, то прыўзнімаючыся, то апускаючыся ўніз. Вочы свяціліся зялёным нядобрым бляскам. Калі падсвінак параўняўся з кустамі, Дункан скочыў і ўсім сваім цяжарам зваліўся зверху на маладога дзіка.

Рух быў разлічаны дакладна.

Зноў леапарду дапамог той жа спадчынны, абуджаны ў тую хвіліну інстынкт. Нядаўна ён беспамылкова падказаў, як трэба падмануць сабаку, а цяпер — калі і як напасці на дзіка, як хутчэй і зручней з ім расправіцца.

Падсвінак нават не паспеў адчуць, што з ім здарылася. Магутныя лапы прыціснулі яго да зямлі, вострыя зубы схапілі за горла.

Дункан павалок тушу ў кусты і тут жа пачаў есці.

Прыціснуўшы вушы да галавы, ён бурчаў і вострымі белымі зубамі рваў цёплую яшчэ вепрыну, глытаў яе вялікімі кавалкамі.

Пад’еўшы, Дункан адышоў недалёка, узлез на дуб і лёг спаць. На дрэве ён адчуваў сябе гэтак жа добра, як і на зямлі. Прачнуўшыся праз колькі гадзін, спусціўся на зямлю, зноў пачаў есці, пакуль не наталіў голад. Сытаму, яму захацелася адпачыць. Ён забраўся на дрэва.

I тут з’явіліся аднекуль ваўкі і лісіцы. Яны пачулі пах мяса і цярпліва чакалі ўводдаль, калі надыдзе іх чарга.

Пакуль Дункан спаў на дрэве, госці прагна елі, злосна гыркаючы адзін на аднаго і адганяючы слабейшых. Калі ж гаспадар прачнуўся, госці пачціва адсунуліся, адышлі ўбок, схаваліся ў кустах і за дрэвамі.

Дункану ўсё гэта не спадабалася. Нельга ў лесе пакідаць здабычу без нагляду. Такі вывад зрабіў ён сабе на далейшае. На гэта ў яго хапіла і розуму, і кемлівасці. Ён узяў тое, што засталося, і аднёс у іншае месца.

Там ён узлез на дрэва і ўмацаваў рэшткі сваёй законнай уласнасці ў расколіне між сукоў, даволі высока над зямлёй. Цяпер ніхто, акрамя птушак, не мог карыстацца дармовым пачастункам, а сыты Дункан спакойна адпачываў на суседнім дрэве. Так робяць звычайна леапарды на волі. Яны лазяць, як кошкі, і значную частку свайго жыцця праводзяць на дрэвах, на другім ці трэцім паверсе ляснога гушчару. Дарослы леапард можа лёгка падняць і ўсцягнуць на дрэва здабычу, у паўтара раза цяжэйшую за яго ўласную вагу.

Дункан і людзі

Хоць гэта можа каму здацца дзіўным, але Дункана па-ранейшаму цягнула да людзей, да чалавечага жылля. Ён яшчэ не забыў, што людзі кармілі яго, што дзеці з ім гулялі і што каля яго клеткі заўсёды тоўпіліся гледачы: і дарослыя, і малыя. Прывык кожны дзень слухаць чалавечыя галасы. Прывык сутыкацца з людзьмі пры розных акалічнасцях.