Читать «Лёс Дункана» онлайн - страница 14
Віталь Вольскі
I раптам перад ёю вырасла постаць вялікага звера. Сонечныя праменьчыкі весела перабягалі па залацістай поўсці з чорнымі плямкамі. Ад здзіўлення дзяўчынка шырока раскрыла вочы, але не спалохалася. Ёй здалося, што гэта вялікая і прыгожая кошка. Яна працягнула руку і пагладзіла звера па спіне.
Сонечная ідылія
Дункан падышоў да мячыка і асцярожна падштурхнуў яго носам. Мячык паслухмяна пакаціўся да дзяўчынкі. Яна засмяялася, а Дункан успомніў, як цікава і ашчадна гуляў ён з дзецьмі на двары дома па вуліцы Міра. Гэта было так даўно! Ён падышоў да дзяўчынкі яшчэ бліжэй, і тая працягнула яму насустрач абедзве ручкі. Ёй спадабаўся невядомы і прыгожы звер з такімі мяккімі і далікатнымі рухамі.
Дункан схіліў круглую галаву і падставіў шыю, каб яго пагладзілі. Потым пацягнуўся, выгнуў спіну і пазяхнуў, паказаўшы на імгненне бліскучыя белыя зубы і ружовы язык. Нарэшце лёг каля дзяўчынкі, паклаўшы галаву на пярэднія лапы.
— Кіся, кіся, — узрадавана прашаптала малая, абхапіла рукою Дункана за шыю і прытулілася да яго цёплай поўсці. I магутны леапард замуркаў і завуркатаў, нібы хатняе кацяня. Ён заплюшчыў вочы і неўзабаве задрамаў. Заснула і дзяўчынка. Небяспечны драпежнік мірна драмаў побач з малым дзіцем. Яснае летняе сонца лагодна ззяла над імі.
Раптам леапард прыўзняўся, павярнуў галаву ў бок дома і насцярожана прыслухаўся. Вушы дзікіх звяроў успрымаюць больш гукаў, чым вушы людзей. Слых у звяроў тонкі і дасканалы, а ў леапарда ён асабліва востры. У наступную хвіліну Дункан бясшумна ўсхапіўся і лёгкім, грацыёзным скачком пераляцеў, зрабіўшы доўгую дугу, цераз плот. Яшчэ праз хвіліну ён знік у лесе.
Калі дзяўчынка прачнулася, вялікай «кісі» побач з ёю не было.
З дому ішла маці.
— Мама, мама!.. — крыкнула дзяўчынка і памкнулася ёй насустрач. Яна хацела расказаць пра прыгожую «кісю», але ёй не хапіла слоў. Дзяўчынка толькі паўтарала з захапленнем: — Кіся, кіся… Мама, тут была кіся!.. — I паказвала на зямлю каля посцілкі.
— Кіся? — здзівілася маці. — Адкуль? Якая кіся, Дануська? У нас жа кошкі няма. А, — здагадалася яна раптам, — ты ж нядаўна кніжку з малюнкамі разглядала. Там, сапраўды, была кіся намалявана. Вось яна табе, відаць, і прыснілася. Гэта быў сон, дачушка! Ну і добра, мы паспалі, а цяпер пойдзем, Дануся, малачко піць!
Каб маці была больш уважлівая, то напэўна ўбачыла б, што трава на тым месцы, на якое паказвала дзяўчынка, была прымята, а на пяску сцежкі, крыху далей, захаваўся след звера, адбітак вялікай круглай лапы, падобны на павялічаны разоў у дзесяць след звычайнай кошкі. Але жанчына нічога не заўважыла. Яна пацалавала сваю маленькую дачку і павяла яе за руку ў дом.