Читать «Лёс Дункана» онлайн - страница 9
Віталь Вольскі
Тут, у лесе, ніхто не збіраўся яго карміць, і Дункану давялося самому дбаць аб тым, дзе і як знаходзіць ежу. Пасля здарэння з сабакам на гарадской ускраіне ён здолеў удала развіць і ўдасканаліць гэты свой першы вопыт. Некалькі дзён галоднага і паўгалоднага жыцця навучылі Дункана самастойна здабываць сабе корм.
Леапарды маюць выключна востры зрок і слых. Яны добра бачаць і чуюць, але ў іх амаль адсутнічае нюх. Яны не могуць паляваць пры дапамозе нюху. Каб знайсці здабычу, каб на яе напасці, леапард павінен яе пачуць і ўбачыць.
Звяры гэтыя любяць свежае мяса, але калі даводзіцца галадаць, то яны гатовы жэрці ўсялякую падліну. Дункан гэтак і рабіў. З голаду еў усё, што магло папасці на зуб. На дарозе ён падабраў здохлую курыцу, якая незадоўга перад тым трапіла пад машыну. Не прапускаў і сабаку, калі падбіраўся да чалавечага жылля, але такія выпадкі здараліся не так ужо часта.
У натуральных умовах звычайнай здабычай леапарда з’яўляюцца чацвераногія жывёлы. Асабліва ахвотна палююць леапарды Усурыйскай тайгі на дзікоў, а іх далёкія родзічы ў спякотнай Афрыцы і Індыі — яшчэ і на малпаў. Але дзе ты знойдзеш малпу ў беларускім лесе? Дзікі тут, праўда, вядуцца, але далёка не ўсюды.
Калі не было нічога лепшага, Дункан не адмаўляўся нават і ад зайцоў, вавёрак, мышэй і птушак.
Як і ўсе яго родзічы ў тайзе і джунглях, ён любіў хавацца ў лясной глухмені і адпачываў там увесь дзень, а на паляванне выходзіў пры вячэрнім змроку. З месца на месца перасоўваўся таксама пераважна ўначы.
Спачатку трохі пагаладаўшы, Дункан навучыўся неўзабаве знаходзіць сабе здабычу ўсюды і праяўляў пры гэтым і спрыт, і нязменную цярплівасць, і знаходлівасць.
Паляўнічыя хітрыкі
Свае першыя паляўнічыя практыкаванні Дункан пачаў, мы ўжо ведаем, на сабаках. Неўзабаве, пасля таго як ён выбраўся з горада ў лес, давялося яму блізка падысці да хаты на ўскраіне прыгараднай вёскі. Ён усё яшчэ любіў трымацца недалёка ад чалавечага жылля і часта блукаў, асабліва на світанні, каля вясковых хат. Здаралася часам і так, што праяўляліся навыкі, набытыя ў няволі, сярод людзей, і тады ён блукаў і днём.
Каля хаты наводшыбе Дункан убачыў белага сабаку з чорнымі плямамі. Сабака быў ад яго на даволі вялікай адлегласці. Падабрацца да яго бліжэй — цяжка і небяспечна. Дункан ляжаў у кустах і доўга назіраў за сабакам.
Гэта было хоць і вялікае, але зусім яшчэ маладое, нявопытнае і не вельмі разумнае стварэнне. Сабака шукаў і не знаходзіў сабе цікавага, вартага занятку. Ён гойсаў без пэўнай мэты і сэнсу па заснежанай палянцы, якая аддзяляла сад каля хаты ад лесу, разграбаў неглыбокі снег і дакопваўся да зямлі, чхаў і нешта вынюхваў, марна ганяўся за варонамі і вераб’ямі, качаўся на спіне.
Людзей не было відаць. Дункан цярпліва чакаў.
Нарэшце сабака апынуўся недалёка ад яго. Тады звер знарок павольна выйшаў з-за кустоў і ляніва разлёгся на зямлі. Усім сваім выглядам ён стараўся паказаць, што да сабакі яму наогул няма ніякай справы, што сабака яго зусім не цікавіць. Дункан здаваўся ўвасабленнем поўнай абыякавасці. Жоўтыя вочы яго пазіралі кудысьці ўбок, ён пазяхаў, аблізваў лапы, павольна качаўся па снезе.