Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 23

Валерый Гапееў

— Навошта вы? — па-сапраўднаму разгубіўся я.

— Ну, будзем лічыць, на ўлазіны прыйшла, першы раз у вашай хаце, нельга ж з пустымі рукамі. Як раней людзі хадзілі: хлеба бохан цэлы абавязкова. Ну, а гарэлка. Вам выпіць трэба, мабыць, дык паясце трохі. Я катлет сёння нарабіла, не разагравала. мне самой смачна іх халоднымі есці, можа і вам даспадобы будзе. закусіце.

— Я люблю халодныя катлеты. Дастанеш такую з каструлі ў халадзільніку, на ёй тонкая белаватая паска застылага тлушчу. Смаката! А вось разагрэтыя не люблю. Як гарачыя — дык толькі каб адразу з патэльні, — зачасціў я, каб схаваць сваю ўзрушанасць, наразаючы хлеб і дастаючы талеркі. — А ў мяне. няма чарак, — разгублена ўсміхнуўся я Надзеі. — Але ёсць два кубкі. для кавы.

— Ух ты, які асаблівы мужчына, — пляснула ў ладкі яна, ці то сапраўды надта здзіўленая, ці то прыкідваючыся. — Зараз прынясу.

Я не паспеў запярэчыць, як яна павярнулася і выйшла. І толькі цяпер я заўважыў, а правільней — зразумеў сапраўдную прычыну свайго ўзрушэння і хвалявання: на ёй была апранутая сукенка! Няхай не новая, не святочная, але не тая майка і спартовыя штаны, у якіх яна стаяла ля плота чвэрць гадзіны таму. «Эх ты, следчы.» — паўшчуваў я сам сябе, хутка пераапрануўся ў джынсы і чыстую сарочку з кароткімі рукавамі. Паспеў аднесці ўсё на часопісны столік — тут нам будзе зручна ў крэслах.

Надзея быццам і не заўважыла майго пераапранання. Мы выпілі, і я пачаў есці, адчуўшы сапраўдны голад. Яна ж толькі злёгку прыкусіла.

— Вы ешце, не саромейцеся мяне, мы ж суседзі.

Потым падхапілася:

— Ой, на салату забылася!

З поўным ротам я замахаў рукамі, але яна ўжо была ля дзвярэй. Вярнулася хутка — з салатай са свежых агуркоў.

Мы вячэралі, выпівалі; правільней, еў і піў больш, натуральна, я, бо Надзея з’ела адно палову катлеты і колькі скрылікаў агурка ў смятане. У двух словах расказаў пра сябе, слухаў Надзею. Яна не многа расказвала ў той вечар, кароткімі рысамі. Вывучылася на настаўніцу, але пасля нараджэння і смерці дзіцяці працуе прадавачкай у прыватніка.

Многа пазней, у нетаропкіх і шчырых размовах пад старой яблыняй перада мной пакрысе, бы з асобных пазлаў, складвалася Надзеіна мінулае жыццё. Замужжа ў дзевятнаццаць гадоў — ці то закахалася, ці то падалося, бо ўсё было ў першы раз: і само ўспыхнулае пачуццё, і хлапечыя заляцанні, і абдыманні, і пацалункі, і першая, пякучая ад сарамлівасці і страшная ад няведання сапраўднай глыбіні адчуванняў, блізкасць. Кінулася пасля вяселля ствараць свой сямейны куточак, перавялася на завочнае аддзяленне — вучылася на гістарычным факультэце. Жылі ў Мінску, закончыла вучобу — пераехалі сюды, на сваю радзіму, бо тут мужу бацькі купілі і падарылі аднапакаёўку. І раней здараліся крыўдныя спрэчкі быццам на пустым месцы, а тут варожасць свякрухі стала адкрытай — тая ад пачатку не ўпадабала выбар сына, надта ж незалежнай ёй падалася нявестка, ганарлівай. То калі пераязджалі ў кватэру, Надзею папярэдзілі: жыллё падоранае, а значыць, яе адсюль у любы момант могуць выкінуць. Змаўчала. Уладкавалася настаўніцай, выкладала гісторыю. Муж пайшоў у будаўнічую арганізацыю кіроўцам. Яго старыя сяброўскія сувязі добрай справы не зрабілі — пачыналася два разы на тыдзень партыямі ў більярд у кавярні, а пазней перайшло ў амаль штовечаровыя пасядзелкі ці ў кавярні, ці недзе ў інтэрнацкіх пакоях, іншы раз муж вяртаўся толькі пад раніцу. Спрабавала ўтрымаць — і адданай пяшчотай, ласкай, цярпеннем, і ўсёдазволенасцю ложку, — ды хутка адчула, што перад ёй нібыта не муж, а яго бяздушны вялізны грузавік, які яна нічым спыніць не зможа. Яна стала аднойчы на яго шляху, а пасля доўга не магла ачомацца. І не з-за болю ў пабітых спіне і галаве, а таму, што раптоўна стала пуста ў душы — так пуста, так холадна, што фізічны боль фактычна не заўважаўся, а на сінякі на твары яна ўвагі не звяртала. Добра, тое здарылася летам — не трэба было ісці ў клас да вучняў. Надзея ляжала на канапе доўгія вечары, амаль фізічна адчуваючы пустату ўнутры. Муж не прыходзіў некалькі дзён, але яна, падпарадкаваная галоўнаму правілу гаспадыні — якая б у сям’і ні была сварка, а абед павінен быць, — гатавала. У нейкі дзень, стоячы ля пліты, адчула, як невыносна смуродзіць смажаная рыба. Яе званітавала. Спуджаная, выйшла з туалета, а ў нос шыбанулі ў тысячу разоў узмоцненыя брыдотныя пахі такой знаёмай кухні. І ў чарговы раз укленчыўшы ў спазмах над унітазам, яна ўспомніла пра свае месячныя — і здагадка агаломшыла яе. У яе вось ужо другі тыдзень — затрымка. Надзея не спяшалася казаць пра цяжарнасць мужу і не памылілася: ён амаль ніяк не адрэагаваў на навіну. У тыя дні ён рэдка бываў цвярозым. Амаль усю сваю цяжарнасць Надзея праляжала ў гінекалогіі праз пагрозу выкідыша. Муж іншы раз наведваў яе, часцей нападпітку, колькі разоў яна не выходзіла да яго, бо ёй пераказвалі: моцна п’яны. І там жа вырашыла: народзіць — адразу да бацькоў. Нарадзіла. Парвалася вельмі, ледзь спынілі кроў. Хлопчык памёр; і дзякуй Богу, што забраў яго маленькім, такога… А яна пайшла да маці. Муж і не паказваўся, нават не званіў. І на развод не прыходзіў, суддзя зачытаў яго заяву-просьбу разглядаць справу ў яго адсутнасць і згоду на скасаванне шлюбу. І вось Надзея адна пяць гадоў. Цяпер зусім адна: нядаўна памерла маці, бацьку пахавалі раней.