Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 25

Валерый Гапееў

Так і атрымалася. Не будзённа-банальна, але і не як дасягненне нейкай вышыні пачуццяў, як кажуць, з эмацыйным выбухам. Мы быццам ішлі разам праз лес пакручастай сцежкай, якая вяла ўверх досыць строма, віхляла між старых дрэваў, нырцавала ў густы зараснік, спускалася ў балотца, караскалася на выспу жоўтага пяску з чэзлым сасоннікам; ішлі, даверліва трымаючыся за рукі, і нам абаім важна было не проста дайсці да роўнай паверхні, а дайсці з тым сяброўскім даверам і чалавечай павагай, з якімі мы рушылі ў дарогу.

Тады Надзея выйшла з майго душа, загорнутая ў вялікі ручнік, прысела на ўскрайчык канапы і прамовіла ціха:

— Ты выбачай. Прыкідвацца з табой не буду… У мяне пасля разводу не было мужчын… — І тут жа прымружылася, у вачах успыхнулі агеньчыкі:

— Забылася, што ўмела! Але і стрымлівацца не буду, як успомню!..

Сённяшняя гвалтоўная смерць маладой жанчыны была другой за час маёй працы ў пракуратуры. Вяртаўся дадому і думаў: як добра, што ёсць Надзея! За кароткі час я зразумеў, як многа яна значыць у маім жыцці. І не толькі як жанчына, а дакладней, зусім не столькі, а больш як сябар, якога паважаеш за яго розум, умение слухаць, патрапляць у размове з табой на адну хвалю, разумець пачуцці і жаданні і не крыўдаваць, калі яны не супадуць з тваімі.

Пабачыў Надзею здалёк — на ёй была яе заўсёдная для работ на агародзе яркая жоўтая майка. Яна палівала грады са шланга: хмурныя дні ішлі адзін за другім без дажджу, вільготнасць часам вісела ў паветры, але зямля сохла. Абапёрся аб агароджу, павітаўся, адзначаючы для сябе: у такі позні час Надзея спецыяльна выйшла паліваць агарод — чакае мяне.

Яна кінула шланг, абцерла рукі аб запэцканыя шорты, падышла.

— Чайнік пастаўлю. Пасядзіш са мной?

Я не проста запрашаў, Надзея не магла не адчуць у маіх словах сапраўдную просьбу.

— Выпіць ты выпіў, а чым закусваў? — строга спытала яна. — Пачакае чайнік. Давай да мяне заходзь, я зварыла суп фасолевы з грыбамі. Заходзь, не мніся, не панясу ж я каструлю да цябе!

Я падпарадкаваўся. У Надзеінай хаце я ўжо быў два разы, то рушыў смела.

Яна не пыталася ні пра што, сядзела насупраць, глядзела, як я еў. Пасля супу паставіла на стол талерку з бульбяным пюрэ і кавалкам смажанай курыцы.

— Я наеўся, — квола засупраціўляўся я.

— Еш! — строга загадала Надзея, і дадала мякчэй: — Ты ж галодны ўвесь дзень…

— Ты, пэўна, чула пра сённяшняе?

— Знаю, расказвалі, — са скрухай уздыхнула Надзея. — Так шкада.

— Ты ведала Насцю Грыцук? — здагадаўся я аб прычыне скрухі.

— Так, — сумна пацвердзіла Надзея. — Ведзьма ведзьму ведаць павінна.

— Ты пра што? — са здзіўленнем зазірнуў я ў Надзеіны вочы.

— Я ж сказала табе: ведзьма ведзьму ведае. Насця — ведзьма, дачка ведзьмака. І я ведзьма, калі верыць былой свякрусе. Бо я чары навяла на яе сына, і той дапіўся да белай пены і сутаргаў…