Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 22

Валерый Гапееў

— Спадзяюся, аднак, не такі страшны, каб вы перадумалі выпіць са мной кавы пад тымі яблынямі. Заадно паглядзім, ці не прараслі кінутыя ў глебу зярняты.

Яна стаяла ля кута свайго плоту, я — ля сваіх веснічак. Абое адчувалі сябе на сваёй тэрыторыі. Старая вуліца, пабудаваная ў пасляваенны час, шырокая, зарослая паабапал кустамі бэзу і язміну, была бязлюднай.

— Зарана для прарастання, — без усмешкі адказала Надзея, і было нешта двухсэнсоўнае ў яе строгасці. — Вы хоць елі нешта сёння?

Наколькі пытанне было неспадзяваным для мяне, настолькі яно падалося незвычайна цёплым, чалавечым і дарэчным цяпер, і яно раптоўна зрабіла гэтую жанчыну маім быццам ужо і блізкім сябрам. Падсвядома тарганулася думка: мне ўжо многія гады ніхто не задаваў такога простага пытання з сапраўдным клопатам.

— А вы як думаеце, калі пытаецеся?

Мне захацелася вось такой моўнай гульні, неабавязковай, лёгкай, дзе можна схавацца за паўжартам, дзе дапускалася двухсэнсоўнасць, а ўся гульня ахутвалася воблакам неабавязковасці, робленай раўнадушнасці — маўляў, як будзе, так і добра.

— Думаю, апетыт у вас наўрад ці быў, — зноў сур’ёзна адказала Надзея.

 — І зараз няма, — развёў я рукі ў бакі.

Сапраўды, я не мог думаць пра ежу, мне здавалася, быццам ад мяне і цяпер тхне тым смуродам з пажарышча. І ўявіць сабе які кавалак каўбасы, што будзе сквірчэць на патэльні, — не, тое было ўжо амаль выпрабаваннем, якое мне над сабой не хацелася ладзіць. — Але кавы пап’ю з вамі з задавальненнем. Вось толькі абмыю працоўны пыл і копаць. — вырвалася ў мяне прызнанне. Пятнаццаць хвілінаў — і я вас чакаю. Вы абяцалі ўчора, — нагадаў я строга.

— Абяцала, значыць, прыйду, — паціснула плячыма Надзея, быццам я засумняваўся ў нечым непахісна стабільным і моцным. — Ідзіце, мыйцеся.

Яна пастукала ў расчыненыя дзверы і зайшла ў пакой, калі я, прыняўшы душ і пераапрануўшыся ў свой стары спартовы касцюм, ставіў чайнік.

Мае паўдома, якія я здымаў, складаліся з невялічкай веранды з двума выхадамі — на вуліцу і ў агарод, і даволі вялікага пакоя, частка якога была адгароджаная лёгкай фіранкай з тканіны — тут стаяў стол, два крэслы, газавая пліта і мыйка. Атрымлівалася нібыта кухня. Тут жа ў куце быў устаноўлены сучасны душ, на сцяне вісеў вялізны электрычны воданагравальнік. Як кажуць, усе выгоды, акрамя яшчэ адной, якая знаходзілася ў самым дальнім куце садка, сярод двух вялізных, бы копы сена, кустоў чорных парэчак. У пакоі — вялікая канапа, першая набытая мной асабістая рэч з нерухомасці, а таксама два фатэлі, часопісны столік і вялікі стол з кампутарам — усе мае набыткі. Старая плеценая з лазы этажэрка засталася ад гаспадароў — яны прапаноўвалі прыбраць яе, як будзе замінаць, але мне этажэрка спадабалася: яна вельмі ўмяшчальная для кніг, ды і было ў ёй нешта самавітае. Пэўна, матэрыял — лазовыя пруткі рознай таўшчыні — выклікаў пачуццё датычнасці да мінулага, нечага сапраўднага.

Надзея зайшла з пакетам і, не пытаючыся, стала выкладаць на стол бохан хлеба, бутэльку гарэлкі і нешта ў цэлафанавым мяшэчку.