Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 21

Валерый Гапееў

У той дзень здарыўся пажар у далёкай вёсцы, у нежылым доме. На падлозе пасля тушэння знайшлі труп: бамжыха, даўно вядомая ў вёсцы шасцідзесяцігадовая алкагалічка не змагла дапаўзці да выратавальных дзвярэй. Адзенне на бамжысе згарэла ўшчэнт, спіна яе і плечы абгарэлі да костак. Справы ўмомант выціснулі з галавы думкі пра Надзею.

Выгляд голага закуродымленага трупа немаладой жанчыны, які ляжаў перада мной на зялёным, у жоўтых кветках дзьмухаўцоў лужку, выклікаў мноства пачуццяў, але над усім дамінавала адчуванне жорсткай несправядлівасці, алагічнасці жыцця. Пакуль эксперт аглядаў труп на магчымую наяўнасць знешніх пашкоджанняў (раптам нехта пырнуў старую нажом?), мяне як зачапіла, так і не адпускала адна думка: вось гэта, страшнае ў сваёй недагледжанасці, бруднае, азызлае цела было раней самым жаданым для некага. Нехта некалі з жарсцю цалаваў яго, гэтыя брыдкія цяпер грудзі былі неверагодна спакушальнымі, іх смочкі з асалодай хапалі роцікі немаўлят і цалавалі вусны каханага. Мы ўжо ведалі: у бамжыхі раней былі муж, сын і дачка. Яе пазбавілі бацькоўскіх правоў у трыццацігадовым узросце.

Саладкавы смурод гарэлага чалавечага цела чуўся мне паўсюль да вечара, быццам ён уеўся ў маю скуру, не толькі ў адзенне. Вяртаўся дадому спустошаным, як ніколі. І толькі адно радавала цяпер — прадчуванне хуткай адзіноты, ціхай гадзіны ў садзе з кубкам кавы. Дзівіўся сам з сябе: не першы труп бачу за сваю практыку, але чаму так глыбока закрануў мяне гэты выпадак? Бо жанчына? Ці гісторыя яе пустога жыцця, якая ўмясцілася на паўстаронкі тэксту?

Я зусім забыўся пра ўчарашні дзень і сваю спакуслівую суседку, таму яе постаць ля дома выклікала ў мяне амаль здзіўленне. Умомант успомнілася маё запрашэнне на каву, і з лёгкай прыкрасцю я падумаў пра тое, што зараз давядзецца апраўдвацца: мне не хацелася ні з кім дзяліць рэшту часу да ночы.

Але адбылося тое, чаго я ніяк не чакаў. Ці то на маім твары было столькі тугі, ці то Надзея ўжо ведала пра здарэнне і неяк уяўляла тое, з чым мне давялося сутыкнуцца, але ў яе вачах, калі я прыпыніўся ля сваіх веснічак, каб павітацца з ёй, пабачыў спагаду. Такую незвычайную, цёплую, што ажно разгубіўся: так глядзеў на мяне толькі адзін чалавек — мама. Але мамы два гады як няма.

— Несалодкі быў дзень? — замест прывітання клапатліва пацікавілася Надзея і патлумачыла: — Такія навіны ў нас хутка разносяцца.

— Несалодкі, — шчыра падзяліўся я. — Цяжка прызвычаіцца да смерці, тым больш вось такой. Вечар добры вам.

 — І вам таго ж. Выгляд у вас.

— Страшны? — квола пажартаваў я.

Ніяк не чакаў, што выразная спагада жанчыны падасца мне самым неабходным з таго, што я хацеў бы адчуць зараз. І кіруючыся менавіта жаданнем атрымаць яшчэ колькі момантаў сапраўднай увагі і разумения, я наколькі мог бадзёра дадаў: