Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 19
Валерый Гапееў
А аднойчы я не паехаў сам, ці то спрабуючы на смак свае адчуванні ад такога рашэння, ці то ставячы эксперымент над ёй: што скажа? Яна нават не патэлефанавала, і мяне тое непрыемна разанула, мне стала крыўдна і шкада самога сябе. Вось жа, а калі б мяне дзе зэкі парэзалі ці забілі — а ёй, глядзі ты, усё роўна. І я таксама не стаў званіць ёй. І ў панядзелак стрымаў сябе, і ў аўторак. А ў чацвер яна прыслала эсэмэску: на выхадныя едзе з сябрамі на нечую дачу адзначаць нечае вяселле на два дні. Не пыталася, ці я жывы, як у мяне справы, чаму не прыехаў.
Пасля кароткай крыўды мне стала нечакана весела. І лёгка.
Надзея, суседка, была невысокага росту, крыху паўнаватая, але дужая і ўвішная — гэта я найперш заўважыў. Бо ўжо на другі дзень пасля свайго засялення пабачыў, як яна шчыравала з рыдлёўкай на сваіх градах. Што здзівіла мяне: яна была ў белых шортах і кароткай жоўтай майцы — тады якраз надарыліся апошнія сонечныя дзянькі перад цяперашняй хмурнасцю. Я выйшаў з кубкам кавы праз заднія веснічкі і хацеў усесціся на лаўцы пад яблыняй (там гаспадары дома зрабілі куточак для адпачынку). Надзея, штохвілінна згінаючыся, дэманстравала мне свае пругкія клубы і аголеныя ногі, якія ўжо добра пачырванелі пад зыркім травеньскім сонцам. Да яе было метраў сем, мабыць, і яна адчула мой далёка не цнатлівы позірк, бо разагнулася, паправіла валасы і павярнулася да мяне.