Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 119

Валерый Гапееў

Ці не ўпершыню я адчуў такую глыбокую пустэчу ўнутры. Ні думак, ні адчуванняў. Першы раз у маёй небагатай практыцы закрывалі справу, якая не была расследавана. Маю справу. І закрывалі не таму, што я не мог далей прасунуцца ні на крок, не таму, што наперадзе быў тупік, а…

— Чаму? — не ўздыхнуў, а хапнуў паветра, як пасля зацяжнога нырца, і ўзрадаваўся, адчуўшы, як пустэча ўнутры імкліва запаўняецца раздражненнем, злосцю, прагай супраціўлення — кактэйлем майго абражанага самалюбства.

— Таму, — неахвотна адказала Тамара. — Не маленькі.

— Ну няхай і памыліўся эксперт, а цяпер паправіўся. Дык трэба заказваць генетычную экспертызу…

Мне хацелася казаць упэўнена і горача, настойліва, важка і грунтоўна, а атрымалася бездапаможнае лепятанне, і я нічога, нічога не мог зрабіць са сваім голасам — ён не слухаўся мяне. Я змоўк на імгненне, удыхнуў — выдыхнуў паветра і прымусіў сябе вымаўляць літаральна па адным слове:

— Я ўпэўнены. Федарукі нарадзілі тое дзіця, якое памерла. Дзіця Насці Грыцук забрала Вольга Федарук. Знікла ў невядомым кірунку. Трэба. Правесці. Дзве генетычныя экспертызы.

Я не ведаў Тамару. Далібог, я прадбачыў, якую рэакцыю можа выклікаць маё супраціўленне, але ніяк не чакаў, каб Тамара, гэты прафармалінены канцыляршчынай сухар, раптам ператварылася ў самую звычайную жанчыну, якая невядома чаму нацягнула на плечы службовы фрэнчык з пагонамі. Ці то цень ад акна так упаў, ці то падалося, як высахлыя Тамарыны шчокі ўраз бездапаможна абвіслі, куточкі рота папаўзлі ўніз, вочы напоўніліся бабскім вільготным сумам.

— Сядзь бліжэй, — папрасіла Тамара, пацягнулася ў стол і дастала бутэльку, потым чаркі. Наліла сама ў дзве, тут жа выпіла адну. Нейкі ўнутраны супраціў стрымаў мяне, я не ўзяў сваёй. Тамара быццам не заўважыла майго жэста.

— Ведаеш, што б я змяніла, каб была Богам? — спытала яна і, не чакаючы адказу, працягнула: — Я б так зрабіла, каб вы, мужыкі, таксама нараджалі.

Я маўчаў.

— Тады б вы ведалі значэнне дзіця для маці. Чаго мне каштавала выбіць грошы ў мінулым годзе на генетычную экспертызу па згвалтаванні! А цяпер ты прапануеш патраціць шалёныя грошы, каб адабраць здаровае дзіця ў здаровай маці? І куды яго пасля? У дзіцячы дом? Так?