Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 11
Валерый Гапееў
— Асабіста магу адзначыць толькі станоўчае: старанная, выключная выканаўца, ніякіх заўваг па рабоце, ніякіх эксцэсаў з хворымі. Працуе. працавала пяць гадоў. Сустракаўся з ёй я часта, бо мой профіль — хірургічны. Маўклівая, няўсмешлівая, але ветлівая. Вы б хацелі пагаварыць з усім персаналам, як я разумею? Магу саступіць вам свой кабінет, тут не перашкодзяць.
— Дзякуй вам, Віктар Паўлавіч, напачатку я хацеў бы пагаварыць са старшай медсястрой.
— Я запрасіў і яе, і загадчыцу аддзялення. Яны павінны падысці. — галоўурач пацягнуўся да кнопкі апарата: — Андрэеўна, калі ласка, запрасіце да мяне старшую медсястру хірургічнага аддзялення. І загадчыцу адразу, — аддаў ён распараджэнне сакратарцы.
У расчыненых дзвярах з’явілася жанчына гадоў сарака ў белай шырокай куртцы і такіх жа белых шырокіх штанах, і я не мог для сябе не адзначыць тое, як галоўурач прыўзняўся, жэстам паказаў жанчыне на крэсла ля стала:
— Праходзьце, Ганна Антонаўна. Гэта, — ён павярнуўся да мяне, — следчы пракуратуры. Ганна Антонаўна — старшая медсястра хірургічнага аддзялення. Прычыніце дзверы, калі ласка.
Я прыўстаў таксама, і, унутрана задаволены сваім выхаваннем, злёгку нахіліў галаву, вітаючы жанчыну.
— Ганна Антонаўна, вы, думаю, здагадваецеся, з якой прычыны ў нас такія. госці і чаму я вас паклікаў. Мне вас пакінуць сам-насам? — зірнуў на мяне Віктар Паўлавіч.
— Не, дзякуй, не трэба. Тут не допыт, хачу папярэдне пагутарыць. Праўда, фармальнасці нейкія трэба выканаць, таму прашу вас, — звярнуўся я да жанчыны, — ваша прозвішча, дзе жывяце, пасада.
Ведаю, наколькі такі вось момант напружвае і часам нервуе чалавека — калі ты пачынаеш уносіць у ліст апытання біяграфічныя даныя. Мне і самому не падабаецца, але трэба.
— Ганна Антонаўна, Віктар Паўлавіч коратка, але дастаткова змястоўна выказаўся наконт Насці Грыцук. Што вы можаце сказаць пра яе як работніка, як чалавека?
— Ды добрая работніца. была, — уздыхнула з усхліпам зусім па-бабску медсястра. — Ніяк не верыцца. Адказная. Ніколі не трэба было падганяць. Зноў жа, як да хворых, дык не заўважалася, каб адным увага, а другім абы зрабіць. Для яе ўсе роўныя былі — ці малады хлопец з грыжай, ці стары дзед з гемароем. Дужая, сама амаль заўсёды спраўлялася, калі пад цяжкім кім прасціны памяняць ці самога памыць. Не, не магу нічога дрэннага згадаць.
— А які яна была чалавек? Як у калектыве?
— Ну што. звычайна. Не канфліктавала. Ну. папраўдзе, яна ні з кім асабліва не сябравала. Убаку ад усіх, хоць калі які стол агульны на свята, дык не цуралася. Трошкі дзікаватая як быццам. Але не сквапная. Не гаваркая, але ж і не маўчун які, бяседу падтрымае. Такая вось. ціхая, спакойная. Можа, занадта спакойная. Надта не пасмяецца, але і раздражнёнай яе не бачылі. Усё больш у сабе хавала, відаць, былі ў яе нейкія іншыя цікавасці. Сярод санітарак толькі яна ў такім узросце, астатнія — амаль пенсіянеры. Ну, а з медсёстрамі. У нас, ведаеце, ёсць трошкі такое. ведаеце, прафесійнае. Калі медсёстры больш між сабой, малодшы персанал — між сабой.