Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 9
Валерый Гапееў
— Не скажу, — паморшчыўся Тумар, бы ад кіслага. — Не было ў яе каханка.
— Такая жанчына вабная — і каб кавалера не было?
— Ды яна мужык мужыком была! — адчайна выгукнуў Тумар прызнанне, быццам сам быў вінаваты. — На косы яе гляньце — пад хлопца падстрыжаная. Яна такой і хадзіла, як мужык апраналася. Калі яшчэ зусім дзеўкай была, дык адно з дзяўчатамі сябравала. Тады ўжо на яе паглядалі з насцярогай, маткі дзяўчатам казалі, каб з ёй не сябравалі. Пару разоў было, хлопцы да яе спрабавалі падысці-пад’ехаць на гулянках, дык дарэмна. Не, я колькі за ёй назіраю.
— І з чаго ты за ёй назіраць стаў? — перапыніла Тамара.
— Ды. — не разгубіўся Тумар, — цікава ж. То чытаеш, кіны глядзіш, дык там усе гэтыя. ненармальнасці толькі ў гарадскіх бываюць. А тут вось — хутар забіты, лес вакол, і такое.
— Прырода не выбірае: горад ці вёска, — умяшаўся старшы аператыўнік.
— Значыць, маем актыўную лесбіянку.
— І трэба шукаць сяброўку…
— І сябровак не было ў яе, — цяпер ужо са шкадаваннем паведаміў Тумар.
— Цураліся яе. Хоць вось са мной яна была вельмі паважнай. Разумніца.
— Трэба капаць сярод знаёмых.
— Не спадзявайцеся на прастату, — Тамара ўзнялася, абтрэсла-абцягнула вузкую спадніцу. — Працуйце, ведаеце самі, што рабіць. Мне праз гадзіну ў турму, на разбіральніцтва скаргаў. Будзеце анатаміраваць, запрасіце загадчыцу гінекалагічнага аддзялення нашай бальніцы Раісу Ананьеўну. Бацьку распытайце асабліва.
— Ужо як атрымаецца, — уздыхнуў Тумар. — Слабы зусім. Амаль і не гаворыць. А як там з яго галавой і чаму верыць…
Мы заехалі ў сельвыканкам, я папрасіў сакратара, каб падрыхтавалі і да вечара перадалі звесткі пра ўсіх жыхароў вёскі. Папярэднія размовы з мясцовымі і з бацькам забітай будуць весці аператыўнікі. Мяне чакаў кабінет: папяровая работа, трэба было тэрмінова заканчваць заключэнне па тапельцу, а найперш прыбрацца. Хоць сонца і не было відаць, у паветры адчувальна пацяплела. Жах падумаць, якія водары там.
Але, на здзіўленне, пах у кабінеце быў амаль нармальным: выцягнула ўсё праз фортку. На навядзенне парадку патраціў хвілінаў дваццаць, нават бутэлькі паспеў вынесці, балазе, вялікі кантэйнер для смецця стаяў непадалёку ад будынка пракуратуры. Яшчэ з гадзіну выпраўляў-дадрукоўваў паперы. Невядома, як цяпер закруцяцца справы з забойствам…
Папярэдне дамовіўшыся з галоўурачом Віктарам Паўлавічам пра сустрэчу, бліжэй да абеду паехаў у раённую бальніцу.
Мне ўжо даводзілася сутыкацца з Віктарам Паўлавічам і па справе, і ў неафіцыйных абставінах. Імпанавала яго манера трымацца — інтэлігентна, сціпла, і адначасова з годнасцю. Хударлявы, заўсёды чыста выгалены і акуратна, каротка падстрыжаны, з вялікай залысінай. Нягледзячы на сваю адміністрацыйную занятасць, займаецца хірургічнай практыкай. Дарэчы, мясцовае насельніцтва яго паважае: кажуць — як галоўурач разрэжа, дык зажыве хутка. Паважаюць яго і ў бальніцы, прынамсі сярэдні і малодшы медперсанал. Адна з рыс галоўурача — заўсёды вітаецца з усімі ў аддзяленнях: аднойчы спытаўшы прозвішча і імя, адразу запамінае, і ў наступны раз звяртаецца па імю, а тое вельмі падабаецца і маладым медсёстрам, і распаўнелым санітаркам.