Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 12
Валерый Гапееў
— Зразумела, дзякуй. А як жанчына? Яна не была замужам. А жанчына ж статная, на твар — прыгожая. Характар, як вы кажаце, роўны, спакойны. Чаму яна не была замужам? У яе быў мужчына, не ведаеце? Прыходзіў да яе хто?
— Ой, тут і не ведаю, як казаць, — замарудзіла з адказам медсястра.
— Кажыце, як ёсць, — супакоіў-падахвоціў я. — Для нас самая нязначная дробязь можа стаць важным фактам. Кажыце, як думаеце, калі не ведаеце.
— Дык не было ў яе мужчыны, дакладна, — з уздыхам, асцярожна пачала Ганна Антонаўна. — Як прыйшла была пяць гадоў таму, то пыталіся ў яе часам, жартавалі: давай табе хлопца знойдзем. А потым. не ведаю, ці казаць. Заўважыла я аднойчы, выпадкам, як яна глядзела на адну медсястру, калі пераапраналіся, на змену прыйшоўшы.
— Як глядзела?
— Ды так вось. Як мужчыны глядзяць, — зноў уздыхнула Гана Антонаўна. — А пасля і нашы ўсе пагаворваць сталі, што. ну, цікавіцца Насця жанчынамі. Дык з ёй трошкі асобна сталі трымацца. Бо дзіка ж. Пасля прывыклі, ды яна і не прыставала ні да кога. з нашых, не заўважалі. Але вось як пераапранацца, дык з ёй неяк і саромеліся. Адна яна заставалася.
Жаночы голас праз селектар перапыніў нашу размову:
— Віктар Паўлавіч, тут Святлана Мікалаеўна чакае.
Галоўурач запытальна павярнуўся ў мой бок, і я паспешліва кіўнуў:
— Запрасіце.
Святлана Мікалаеўна — як я зразумеў, загадчыца аддзялення — зайшла ў кабінет. Глыбока пасаджаныя вочы і выразныя цёмныя кругі з адвіслымі складкамі пад вачыма надавалі яе твару стомлены, нават непрыгожы выгляд. Больш за тое, мільганула думка: жанчына толькі выйшла з запою. Але пастава яе, тое, як яна прысела на крэсла — упэўнена, але не з нахабнай самаўпэўненасцю, — а больш яе ўважлівы, прафесійна-дапытлівы позірк падказвалі мне, што паўкружжы пад вачыма — ад захворвання, магчыма, нешта з ныркамі. Ці сапраўды, ад стомы. Пасля таго, як я запісаў дадзеныя, асцярожна спытаў наконт цікавасці Насці Грыцук да жанчын.
— Так, я ў курсе яе сэксуальнай арыентацыі. Але Насця выключна сціплая ў гэтым плане. Яна — дастаткова разумная маладая жанчына.
— Была, — паправіў нехаця галоўурач.
— Так, была, — нечакана ціха пагадзілася загадчыца аддзялення і зірнула на мяне: — У Насці Грыцук не было ворагаў, я дакладна ведаю. Сяброў блізкіх не было таксама, але і ворагаў, хто б пайшоў на смертазабойства, не было. А што яе знайшлі, як тут кажуць, цалкам аголенай на полі — тое ўвогуле з вобласці ірэальнага.
— На жаль, рэальнасць, — паправіў я доктарку. — Мне трэба будзе паразмаўляць з кожным работнікам вашага аддзялення. Няўжо ў вашай санітаркі не было хоць якой сяброўкі, якой бы яна больш-менш давярала, з кім дзялілася сваім набалелым?
— Яе сяброўкі — у інтэрнэце, — упэўнена адказала Святлана Мікалаеўна. — Некалькі разоў я бачыла, як яна там бавіла час, карыстаючыся сваім тэлефонам. Звярнула ўвагу: у яе быў самы сучасны тэлефон. Яна мне пра тое сама казала, калі я пацікавілася. Шукайце там яе сяброў…
Мабыць, сакратаркі не было на месцы, бо дзверы асцярожна прыадчыніліся, галоўурач зірнуў на іх і тут жа запрасіў: