Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 13

Валерый Гапееў

— Заходзьце, Раіса Ананьеўна…

Загадчыца гінекалагічнага аддзялення, невысокая жанчына перадпенсійнага веку, зайшла і разгублена агледзела прысутных, затрымаўшы позірк на мне.

— Следчы пракуратуры, — патлумачыў ёй галоўурач.

— Я тады скажу, усё адно яму даложаць, — нібыта сама сабе прамовіла жанчына, быццам набіралася смеласці, бо разумела: выдае прафесійную тайну. Аднак у навіне, якую прынесла ўрач, было нешта вельмі істотнае для яе самой, для кіраўніцтва і калектыву бальніцы, што здавалася больш важкім, чым правілы невыдавання.

Яна не стала сядаць і пасля кароткай паўзы прамовіла:

— Мяне выклікалі. Анатаміравалі нашу санітарачку. Дык вось. Насця Грыцук нарадзіла сама больш за трое-чацвёра сутак да сённяшняга дня. Маса маткі больш за 600 грамаў, невялікія разрывы яшчэ не зацягнуліся.

Яна абвяла позіркам усіх прысутных у кабінеце, і ў ім чыталіся выразныя асуджэнне і абвінавачанне.

Войкнула, не ўтрымаўшыся, старшая медсястра. Галоўурач нечакана густа пачырванеў, устаў і ціха спытаў, і было бачна, што спакойныя словы даюцца яму з цяжкасцю:

— Святлана Мікалаеўна, як так магло здарыцца? Я падпісваў паўтара месяцы таму яе заяву на два тыдні адпачынку без утрымання — у яе вельмі слабы бацька, так Насця патлумачыла ў заяве. А пасля ў яе быў планавы адпачынак. Цяжарнасць. Яна павінна б была стаяць на ўліку ды і. Як не заўважылі?

Я назіраў за тварам загадчыцы аддзялення, на якім акрамя ўвагі да субяседніка нічога не адбілася. Яна адказала спакойна і ўпэўнена:

— Віктар Паўлавіч, калі жанчына пажадае, ёй няцяжка схаваць сваю цяжарнасць ад непатрэбных вачэй. Тым больш такой жанчыне, як наша Насця. У яе буйныя формы цела, пэўнае павелічэнне аб’ёму жывата лёгка прыкрыць адзеннем. Яна насіла касцюм, які даваў практычна поўную гарантыю трымаць цяжарнасць у таямніцы. Да пэўных тэрмінаў, зразумела, хоць ведаю выпадкі, калі жанчыны прыхоўвалі свой стан да апошняга тыдня. Трэба ўлічыць, дзеля спецыфічных адносінаў да Насці ў жаночым калектыве, яна, наколькі я ведаю, пераапраналася без сведкаў. Таму я не здзіўляюся факту ўтойвання цяжарнасці. Здзіўляюся таму, што яна зацяжарыла. улічваючы яе відавочныя лесбійскія схільнасці.

І ў той момант быццам нехта нябачны збоку нашаптаў мне прама ў галаву: калі б Насця Грыцук не нарадзіла, яна б засталася жыць.

3.

Нават самы бязглузды на першы погляд рытуал некалі быў важным і асэнсаваным дзеяннем.

Для Тамары курэнне даўно стала і патрэбнасцю, і рытуалам — я ў гэтым быў перакананы. Варта было толькі пабачыць, як яна нетаропка дастае наступную цыгарэту, нейкі час круціць яе ў руках, потым бярэ ў левую руку запальнічку, пстрыкае і зноў нейкае імгненне марудзіць, глядзіць на язычок полымя, і толькі потым прыкурвае. Зацягваецца, заўсёды два разы запар, і павольна выпускае дым тонкім струменем праз сціснутыя вусны. Потым адкладвае цыгарэту ў попельніцу, падсоўвае на сярэдзіну стала патрэбны ёй дакумент, апускае з ілба на вочы невялікія, у тонкай жоўтай аправе акуляры. Чытае, цыгарэта дыміць, дым выцягваецца ў расчыненае вакно.