Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 99
Сергей Песецкий
На працягу тыдня ўсе тры сэрыі былі гатовыя. Два дні мы працавалі ранкам і ўвечары. Грачанка, на просьбу Рэванскага, не выклікала ў гэты час Еву ў сталоўку. Дзяўчына таму цэлыя дні была вольная. Калі я папрасіў яе, каб яна прыйшла да мяне на ноч, яна пагадзілася на гэта толькі па заканчэньні ўсіх здымкаў. Але прасіла захаваць таямніцу пра гэта для Рэванскага і Грачанкі. Зразумела, я ахвотна ёй гэта паабяцаў. Грошы ад мяне не ўзяла, хаця я ёй іх прапаноўваў. Паставілася да гэтага як да свайго раману. Тады купіў для яе ў прэзэнт шэсьць пар добрых панчох.
А ў найбліжэйшую суботу, увечары, я знайшоў у бібліятэцы запіску Алены на маім лістку: «Дзякую! Вітаньні — ад мяне і Клеапатры».
13
З Сабадам і Якубам мы правялі нараду. У нас быў чэк ангельскага банку, перароблены зь пяці фунтаў стэрлінгаў на трыста. Мы пастанавілі прадаць яго цяпер, а пасьля падрыхтаваць некалькі чэкаў і рэалізаваць у вялікіх гарадах Польшчы. Новы чэк быў на прозьвішча М. Левін. Я зьдзівіўся: чаму выбралі такое прозьвішча? Да таго ж я не падобны да жыда. Высьветлілася, што чэк той быў даўно перароблены. Яго зьбіраўся прадаць знаёмы Якуба — жыд Генік. Але спужаўся і адмовіўся. Так мяне паінфармавалі. Аднак у мяне было адчуваньне, што супольнікі не сказалі мне ўсяго. Каб не перарабляць чэк, бо і цяпер ён не выглядаў сьвежа, вырашылі ня «мыць» яго нанова, але да прозьвішча Левін дадаць тры літары: «скі». Тады прозьвішча будзе Лявінскі. А літара М. можа быць як першай літарай жыдоўскага імя, напрыклад Мойша, так і хрысьціянскага, напрыклад Мар’ян ці Мікалай. Аднак для спрашчэньня вырашылі пакінуць маё імя: Міхал. Абгаварылі тэкст даведкі пра мяне. Дзеля гэтага мы вывучылі вайсковыя мапы віленскага ваяводзтва. Месцам майго сталага пражываньня выбралі Новае Сяло — воласьць Граўжышкі Ашмянскага павету. Гэтая вёска знаходзілася за сорак кілямэтраў ад Ліды і дванаццаць ад Ашмянаў. Рэшта маіх асабістых дадзеных: селянін — халасты — каталік.
Сабада сабраў рэчы, патрэбныя для пераробкі мяне ў вяскоўца: чорную суконную куртку тыпу расейскай «гімнасьцёркі» — блюзу з кішэнямі, самаробныя порткі, боты з тоўстай скуры, аблезлую фуражку-мацеюўку, торбу і пугу. У той самы дзень я пайшоў да фатографа і зрабіў здымкі на пасьведчаньне асобы. Аддаў іх Якубу. Ён мусіў падрыхтаваць для мяне дакумэнты і канвэрт зь Лёндану ад майго «брата» Юзіка. Я ж і Сабада склалі на беларускай мове ліст ад брата да мяне. Сабада перапісаў яго на добра падабранай «ангельскай» паперы. Зь ліста можна было даведацца, што мой брат, Юзік Лявінскі, які жыве ў Лёндане, дзе валодае прадуктовай крамай і жанаты з ангелькай, дасылае мне чэк на трыста фунтаў, каб я дакупіў зямлі, адрамантаваў будынкі й набыў добрага каня. У лісьце былі павучаньні: што такое чэк, як яго прадаваць і згадка асьцерагацца ашуканцаў. Ліст быў вытрыманы ў сялянскім стылі. З мноствам вітаньняў і «паклонаў» для пералічаных у ім сваякоў і знаёмых. Усё было гатова. Мы чакалі толькі пашпарт і канвэрт, які Якуб абяцаў зрабіць на працягу двух дзён. Мяне цікавіла, як пойдзе продаж гэтага чэку. Ад гэтага посьпеху залежыць шчасьце нашай далейшай кампаніі, якую мы вырашылі праводзіць вельмі хутка. Непакоіла мяне трохі такая акалічнасьць, што чэк выстаўлены на вялікую суму. Трыста фунтаў стэрлінгаў цяпер немалы капітал, бо фунт паводле біржавага курсу варты дзесяці тысяч шасьцісот васьмі маркам.