Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 98

Сергей Песецкий

— Можаце мне памагчы прыбраць майстэрню? — зьвярнуўся ён да мяне.

Я зразумеў, што хоча са мною паразмаўляць сам-насам. Сапраўды, пасьля сыходу мадэлькі стары сказаў мне:

— Як вам падабаецца Кася?

— Лічу, што яна ніякая. Папросту манэкен.

— Сапраўды. Усе здымкі будуць марныя. Я пакажу іх заўтра.

— Што вы будзеце рабіць цяпер?

— Буду шукаць іншую мадэльку. Зь дзьвюма я ўжо размаўляў. Кася расчаравала. Мае прыгожы твар, добрую фігуру, але…

— «Будзеце мяне вучыць!» — перадражніў я Касю. — «Я працавала ў прафэсараў, у мастакоў…».

— Для мастака альбо скульптара, магчыма, яна добрая мадэлька. Даць ёй позу, паставіць і ўсё.

Раптам я прыгадаў Еўку, якую бачыў у Грачанкі. Мне падалося, што зь яе спрытам і тэмпэрамэнтам будзе дасканала граць кожную сцэну. Акрамя таго, і я працаваў бы больш ахвотна зь дзяўчынай, якая была для мяне сымпатычнаю.

— У мяне ёсьць для вас дасканалая мадэлька, — сказаў я. — Упэўнены, што будзе добра пазаваць.

— Хто яна?

— Адна зь дзяўчат Грачанкі.

— Якой Грачанкі?

Я патлумачыў дакладна, пра каго гаворка і дзе знаходзіцца сталоўка Грачанкі.

— Я добра яе ведаю! — выгукнуў Рэванскі. — Яна ж, дарэчы, мая найлепшая кліентка. Бярэ некалькі дзясяткаў здымкаў і адразу плаціць.

— Якраз у яе ёсьць адна зь дзяўчат, што прыходзіць, Ева. З добрай фігурай, сьмелая, вясёлая, спрытная.

— Як яна выглядае?

— Рыжая. Ёй, відаць, якіх дваццаць год.

— Ці пагодзіцца яна пазаваць для гэткіх здымкаў?

— Напэўна.

— Добра. Яшчэ сёньня схаджу да яе шэфіні і паспрабую пабачыцца зь Еваю.

— Але не кажыце Грачанцы, што я вам нараіў узяць Еўку мадэлькаю для працы са мною.

— Добра.

Назаўтра ўвечары Еўка прыйшла да Рэванскага. Мы чакалі яе ў майстэрні. Калі дзяўчына ўбачыла мяне, распасьцёрла шырока рукі, быццам бы моцна зьдзівілася.

— Каго я бачу! Колькаў сябра.

— Ну так. Будзем працаваць разам.

— Можа вып’еце кавы і каньяку? — спытаў Рэванскі.

— Калі шмат, дык з ахвотай. А хто плаціць?

— Гэта выдаткі вытворчасьці.

Рэванскі пачаў тлумачыць Еве позы першай сэрыі. Час ад часу я ўстаўляў свае камэнтары. Ева ўважліва слухала. Часам пыталася. Часта цягнулася па кілішак, і было відаць, што дасканала разумее, пра што ідзе гаворка ў кожным здымку. Калі мы разьдзеліся, Ева галяком пачала абыходзіць майстэрню. Яе ўсё цікавіла. Ёй карцела зазірнуць нават у сярэдзіну фатаграфічнага апарату. А калі мы распачалі працу, пазавала свабодна, весела, лёгка разумеючы мае і Рэванскага заўвагі. Зрэшты, стары рэдка нас папраўляў, бо я дасканала ведаў кожную сытуацыю і кіраваў Еўкаю. Заўважыў, што Рэванскі надзвычай задаволены мадэлькаю. Мне было прыемна, што я яму прыдаўся. А Ева ставілася да сваёй працы як да гульні. Ад часу да часу сьмяшыла мяне сваімі заўвагамі: «Каб мая мамка гэта пабачыла!», «А вы мяне ня згвалціце?» Калі адказаў: «Не», яна з уздыхам сказала: «Шкада!»