Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 97

Сергей Песецкий

Я ўсеўся за столікам і сказаў:

— Пане Рэванскі, вельмі вас перапрашаю, што ўчора я адмовіўся пазаваць. Пасьля мне прыйшло да галавы, што я мог нарабіць вам клопату.

— У мяне сапраўды ёсьць цяжкасьці, бо я не магу падабраць пазэра для здымак. Магчыма, нават наогул ня ўдасца зрабіць далейшыя сэрыі.

— Таму будзем працаваць надалей. Але я папрашу як хутчэй арганізаваць работу. Цяпер я магу працаваць штодня, баюся, аднак, што неўзабаве гэта будзе для мяне цяжэй.

— Пачнём сёньня. Якраз сёньня я пазнаёмлю вас з мадэлькаю і патлумачу вам першую сэрыю. Магчыма, нават зробім некалькі здымкаў. Гэта будзе проба.

— А хто мадэлька?

— Прафэсійная мадэлька-натуршчыца. Яе завуць Катажына, але вядомая як Кася Гіпсова.

— У яе добрая фігура?

— Ну ясна. Не такая добрая як у Сабіны, але падыдзе.

Мы дамовіліся спаткацца а сёмай вечара, і я разьвітаўся з Рэванскім. Паняў, што стары вельмі задаволены і ўзрушаны. А я адчуваў, што прайграў «пробу сілаў» з Аленаю. Мяне цешыла тое, што яна выставіла ў салёне ляльку з надпісам: «Вітаем!» Я добра разумеў, што яна падрыхтавала гэта не для бацькі. Але і такая акалічнасьць сьведчыла, што яна была ўпэўненая, што я паяўлюся ў яе бацькі.

Падрыхтаванае да здымкаў месца ў майстэрні Рэванскага залівала сьвятло. Ды цяпер я стаяў у сьвятле рэфлектараў і чакаў мадэльку. Калі нарэшце яна выйшла з-за шырмы, я сказаў ёй, як некалі Сабіна мне:

— Хадземце!

Мадэлька была відавочна незадаволеная і паволі падышла да мяне.

— Можа, паспрабуем першую позу? — прапанаваў я ёй.

— А навошта? Я добра яе ведаю. Пан Рэванскі нам растлумачыў.

Кася Гіпсова з кіслаю мінаю пазірала на апарат, які Рэванскі падрыхтаваў да здымкаў. Яна абедзьвюма рукамі расьцірала скуру па целе.

— Але ж тут холад! — уздыхнула яна.

— Мне цёпла, — сказаў я не наперакор, але таму што ў майстэрні сапраўды было горача, бо Рэванскі напаліў у вялікай печы, абкладзенай кафляй.

— Зараз я ўключу яшчэ электрычную печку, — сказаў дзядок.

Мы распачалі работу. Позы былі цяжкія, але я іх дакладна разумеў, бо адчуваў сэнс і лёгіку ўсёй сэрыі. Затое Кася наогул у гэтым не цяміла. Акрамя таго, яна капрызіла. Я пачаў яе папраўляць. Некалькі разоў умешваўся Рэванскі. Аднак добра не выходзіла. Тады я паспрабаваў зычліва і спакойна патлумачыць сэнс першай позы. Але Кася нечакана разлавалася.

— Будзеце мяне вучыць! Я працавала ў прафэсараў, у мастакоў ды скульптараў і дасканала ведаю гэтую працу!

— Хіба што тую, бо гэтай вы ня ведаеце і ня хочаце зразумець.

— Прашу не спрачацца, — сказаў Рэванскі. — Зараз мы гэта ўзгоднім.

Ён пачаў спакойна і цярпліва ставіць нас у першую позу. Сытуацыя была надзвычай далікатная. Мадэлька назірала на мяне, як злы кот. Яна была напружаная і ўпартая. Я намагаўся дадаць жыцьця ў гэтыя сцэны, але бачыў, што вынік марны, бо шмат у чым залежаў ад высілкаў мадэлькі. Рэванскі сфатаграфаваў нас два разы ў гэтай позе. Потым па два разы ў двух наступных і перапыніў сэанс. Ён быў да нас надзвычай ветлівы, але я бачыў, што ён незадаволены. Суцяшала мяне тое, што няўдача была не з маёй віны. Калі мы апрануліся, Рэванскі даў нам па пяць тысяч марак. Я ўзяў грошы, хаця яны былі мне непатрэбныя. Але я ведаў, што адмова была б прыкраю для старога.