Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 100
Сергей Песецкий
Увечары я спаткаўся з Колькам. Той сьпяшаўся.
— Хадзем, — сказаў мне, — убачыш паляваньне на Карася.
— Якога карася?
— Адзін фраер. Прыежджы. Прадаў некалькі дзясяткаў кароў. У яго мех марак. Трэба палегчыць яго кішэні. Набраўся, як сьвіньня. Трэба гэтага жлаба абчысьціць.
Гэта не цікавіла мяне, але я пайшоў. Усё адно дзе было бавіць час. Зайшлі ў жахліва брудны шынок. Падлога была засыпаная пілавіньнем. Паветра смуродлівае. Мы прайшлі за буфэт, у пакой ззаду ўстановы. Хаця на надворку было яшчэ відно, тут паліліся сьвечкі. Адзінае акно было завешана вялікаю, аблезлаю коўдраю чырвонага колеру, зь якой тырчалі брудныя шматкі ваты. У паветры віселі клубы тытунёвага дыму. Мы паселі за сталом, складзеным з чатырох малых столікаў. Я ўбачыў мажнога мужчыну, бляндына гадоў пяцідзесяці, што сядзеў у крэсьле. У яго быў вялікі, чырвоны твар, бычыны карак і дужыя рукі. На яго каленях сядзела кабета гадоў трыццаці. Была толькі ў кашулі, майтках і панчохах.
— Гэта Манька Рудая… «Прашлячка!» — сказаў ціха Колька. — Спойвае яго. Цьвёрды хам. Жлукціць гарэлку як ваду.
Стол быў застаўлены бутэлькамі гарэлкі й піва. На талерках ляжалі кавалкі кепскай каўбасы і тоўстыя лусты хлеба. Пры другім рагу стала сядзеў гарманіст, хударлявы маладзён зь зеленаватым тварам і шклянымі, бясколернымі вачыма. Ён паклаў шчаку на інструмэнт і рэзаў «Шабасоўку». Карась мяў жаночыя грудзі, крычаў: «Ух-ха!» У такт музыцы ён біў абцасамі аб падлогу. Манька біла яго па твары і крычала:
— Ах ты, халера! Пусьці, ну!
У далёкім куце пакою нейкі панурага выгляду бамбіза сьпяваў прастуджаным голасам куплеты:
Колька пляскаў у далоні і мовіў мне на вуха:
— Трэба яго спаіць, хоць цяжка, але час ёсьць. Ён наш.
Манька сарвалася з каленяў Карася і завіхалася перад ім, трасучы сьцёгнамі і круцячыся вакол. Ён час ад часу ляпаў яе далоньню па азадку і голасна рагатаў. Яна ў адказ біла яго ў твар і кідала позірк на Кольку.
— Хто гэта? — зьвярнуўся я да Колькі, паказваючы вачыма на бамбізу панурага выгляду, які сьпяваў куплеты:
— Яе каханак, Фэлікс-«стырачнік».
— Як яна так… каля каханка?
Колька засьмяяўся.
— І што з таго? Яны на рабоце. Зрэшты, яна яму ня дасьць. Гэта «хіпішніца».
Гарманіст перапыніў ігру і зьвесіў галаву на стол. Манька ізноў села на калені Карася. Наліла яму палову шклянкі гарэлкі і дадала піва. Сабе наліла толькі піва. Выпіла і пачала паіць Карася.
— Пі, золатка! Пі, каралевіч, каб цябе халера! Як бавіцца, дык бавіцца! Раз жывем, раз памрэм! Пі!