Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 101

Сергей Песецкий

Карась, сьціскаючы Маньку, жлукціў са шклянкі гарэлку. Кабета паставіла на стале сваю шклянку і пачала яго карміць.

— Разяў дзюбку, даражэнькі!

Яна ўпіхвала яму пальцамі ў шырока разяўлены рот вялікія кавалкі кілбасы, хлеба і абцякаючы воцатам кавалак селядца.

— Абліжы мне, даражэнькі, пальчыкі. Салодкія, як цукерачкі.

Карась па чарзе аблізваў яе пальцы.

Мяне страсянула ад агіды.

— Дзе вы яго знайшлі? — спытаў Кольку.

— Яго высачыў Давідка-«шырмач». «Скаповаў», што «цёплы», бо узяў багата «капусты» за прададзены статак кароваў. Можна было «купіць яму скуры», але буйныя грошы схаваў у рэмень і апрануў пад адзежу, «прашляцкі жлоб». На яго напусьцілі Маньку. Яна ўзяла яго ў абарот. Пайшлі ў рэстарацыю, а пасьля яна сюды яго прывалакла. Ну і поім… як у студню льём. Хацелі мы яго на «стыркі» ўзяць, але ён кажа, што не гуляе ў карты.

У пакоі акрамя мяне, Колькі, Манькі, Карася, гарманіста і Фэлюся быў яшчэ Давідка, хударлявы, чорны жыд, вясёлы, рухавы. Ён распачаў гэтую работу.

Манька крыкнула гарманісту:

— Сашка! Грай, сьцерва! Кліент бавіцца, кліент плаціць!

— Я плачу… Грай! — роў Карась. — Гра-ай, бо мая мадама хоча мець прыемнасьць!

Гарманіст зайграў старога расейскага вальса «На сопках Манчжурыі». У пакой з гучным сьмехам убегла ня першай сьвежасьці дзяўчына, худзенькая, малая. На ёй была чырвоная сукенка. На яе белым твары блішчэлі вялікія, чорныя вочы.

— Маё шанаваньне добрай кампаніі! Ах, як тут весела! Та-ра-ра-ра! — пачала кружляць па пакоі ў такт вальса.

— Гэтая абярэ яго як ліпку! — мовіў Колька. — Гэта нашая Залатая Ручка — Андзя Авадзень.

Дзяўчына ў чырвонай сукенцы кружляла побач Карася. Пачала ляпаць яго далоньню па карку.

— Ах, як я люблю бляндынаў! — лашчылася яна. — А можа, вы патанчыце?

Карась паспрабаваў танчыць, але адразу ж паваліўся на крэсла, так што яно затрашчэла.

— Ужо ў чуб укінуў, — сказаў Колька.

Давідка абцёр брудным ручніком стол. Расчысьціў ад бутэлек трохі месца і пачаў перакідваць на стале карты, заахвочваючы ахвяру да гульні. Карась адмаўляўся:

— Што там картамі ляскаць. Я хачу бавіцца зь дзяўчынкамі.

Манька з павагаю ляпала яго па твары.

— Гэта я разумею, кавалер!

Андзя Авадзень віскнула ў захапленьні:

— Такі палкі мужчына!

Карась сядзеў разваліўшыся у крэсьле, у атачэньні дзьвюх кабет, якія настойліва намагаліся яго спаіць. Выходзіла ў іх слаба, бо мужчына піў шмат, але не губляў прытомнасьці. У расьцярушаным, мігатлівым сьвеце сьвечкі, у імгле тытунёвага дыму яны выглядалі фантастычна. Яны ўтваралі тры яскравыя плямы: белую, чырвоную і чорную. Іх абрысы ўвесь час перапляталіся. Чорная пляма была масіўная і нерухомая — як калода старога дубу. Чырвоная пляма пагладжвала яго па баках — як агонь. Белая — як сьнег прысыпала яго і, здавалася, гасіла чырвонае полымя.

А гармонь сутаргава ікала. Выкідала ў пакой акорды гаманлівай полькі. Фэлюсь хрыпла рычэў:

Прыйшоў туды ўвечар вось, Убраны «шац», у кішэні нож. Бачу, ёсьць Марцінка І Танька з Кацярынай.