Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 93

Сергей Песецкий

Рэванскі спахмурнеў.

— Ня гак, як сабе ўяўляў. Памятаеце: я меркаваў, што буду вырабляць копіі здымкаў і прадаваць іх гуртам. Тымчасам натыкнуўся на супольны супраціў. Вось жа, усе нашы сэрыі прызналі за цудоўныя, але пагаджаліся толькі на выкуп іх для вытворчасьці. Каб не ствараць канкурэнцыю для свайго тавару. Бо нашы здымкі будуць ахвотна купляць, а іншыя пойдуць горш. Таму зразумела, яны б на тым страцілі.

— І што вы рашылі?

— Прадаў ім усе сэрыі і выслаў нэгатывы.

— Але вы самі маглі б вырабляць іх і прадаваць хаця б у Вільні.

— Но, даражэнькі. Я марыў пра вялікі рынак. Акрамя таго, іх нельга абдурваць. У гэтай справе саліднасьць абавязковая. Я таксама ад іх залежны, бо карыстаюся з крэдыту. Але я выбіў лепшыя варункі на куплю іншых здымкаў.

— Ці можна спытаць, не зь цікаўнасьці, але для арыентацыі, за колькі вы прадалі гэтую сэрыю?

— Скажу шчыра. Я прадаў яе за шэсьцьсот тысяч марак. Але сам я выдаткаваў на яе каля ста пяцідзесяці тысяч. Гэтая праца заняла ў мяне амаль два месяцы. Фактычна гэта чысты мой заробак у тавары, які прывёз. Я зарабіў, але заробак той, проці таго, на што я разьлічваў, мізэрны… Я зьбіраўся выехаць у Варшаву, але цяпер і гэта для мяне будзе цяжка. Жытло там шалёна дарагое, усё дарагое.

— Я добра ведаю. Добры гарнітур каштуе пяцьдзясят тысяч марак.

— У тым і справа. А ўтрыманьне жытла, сябе, дачкі… Таму грошы гэтыя мяне ня цешаць. Але я сказаў маім аптавікам пра задуму яшчэ трох сэрыяў. Паказаў ім некалькі пробных здымкаў. Яны вельмі зацікавіліся і пагадзіліся выплаціць мне шэсьцьсот тысяч адразу пасьля вырабу трох наступных сэрыяў. Я дам вам дадаткова яшчэ дзесяць тысяч за ранейшую работу, бо пані Сабіне ўжо даў. А за наступныя сэрыі буду плаціць па пятнаццаць тысяч. Цяпер работа пойдзе лепш, бо вы ведаеце яе дасканала.

Рэванскі змоўк і ўважліва зірнуў на мяне. Напэўна, ён адчуў, што ў маім стаўленьні да гэтай працы адбылася зьмена. Я ж сказаў:

— На жаль, я не змагу пазаваць для наступных сэрый.

— Чаму?

— Таму што гэта мне зусім непатрэбна… Скажу вам шчыра, што я цяпер ахвотна выкупіў бы гэтыя здымкі і нэгатывы.

— Ажно так?

— Калі б мог іх вярнуць, дык даў бы вам шэсьцьсот тысяч.

Рэванскі назіраў на мяне зь зьдзіўленьнем. Але ён зразумеў, што я гавару сур’ёзна. Я ж пасьля кароткай паўзы дадаў:

— Гэта не маральныя перажываньні. Хаця мы пра гэта гутарылі, але мне ў дакуку быць мадэльлю для забаваў нейкай там… ну, дрэні. Бо купляюць гэта людзі, якім жывецца добра, людзі перанасычаныя. Вы гэта, безумоўна, зразумееце і зможаце адчуць маё стаўленьне да гэтай працы, калі ў ёй для мяне няма неабходнасьці.

— Я нас разумею і ня буду пераконваць. Пані Сабіна таксама ня хоча пазаваць і, відаць, калі б магла, таксама забрала б гэтыя здымкі.

— І яна адмовіла! — выкрыкнуў я зь зьдзіўленьнем і амаль з радасьцю.

— Так… Яна выходзіць замуж… На наступным тыдні пакіне працу ў гатэлі.

— Усё ж выйдзе замуж… Яна казала мне. Але як жа вы хацелі безь яе вырабляць далей здымкі?

— Даражэнькі, з мадэлькамі мне лягчэй. Я ўжо з адной гутарыў. Не такая, якую хачу, але надыдзе. Але мужныну-мадэль знайсьці вельмі цяжка.