Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 91

Сергей Песецкий

Назаўтра, пасьля продажу чацьвёртага чэку, я пайшоў у бібліятэку. Я хацеў там схаваць частку грошай. Калі ўвайшоў усярэдзіну, зь зьдзіўленьнем убачыў на стале лісток. Карэспандэнцыя з Аленаю адбывалася звычайна ў суботу. Сёньня была пятніца. «Нешта сталася!» Я хуценька ўзяў лісток і прачытаў: «Татуля вярнуўся ў аўторак зранку. Ён паўсюль вас шукаў. Дзе вы цёгаецеся, як бадзяжны кот?» Захоплены новай авантурай і вірам забаваў, я зусім забыўся пра Рэванскага. А ён вярнуўся і шукаў мяне. Зь якою мэтаю? Ці пашчасьціла яму знайсьці добрых пакупнікоў па нашы здымкі? Можа, ён хоча вырабіць наступную сэрыю? Я адразу вырашыў, што болей пазаваць ня буду. Навошта на мае фатаздымкі будуць глядзець нейкія эратаманы? Пачаў меркаваць, дзе схаваць грошы? Я прынёс іх у валізцы, складзеныя ў пачкі па пяцьдзясят і па сто тысяч. Я нідзе ня мог знайсьці добрай схованкі. Нарэшце адчыніў адну з шафаў, у якой на ніжніх паліцах ляжалі стосы газэт і часопісаў. Было відаць, што іх ніхто не чапаў шмат гадоў. Я асьцярожна павымаў тоўстыя стосы і зрабіў вольнае месца ззаду, на ніжняй паліцы. Усунуў туды тоўсты скрутак грошай, у якім было васямсот тысяч марак. Пасьля спераду наклаў часопісы і газэты, каб выглядалі так, быццам бы іх здаўна адсюль не вымалі. Зачыніў шафу, вымыў рукі й выйшаў з пакою. Я падаўся да Рэванскага — як заўсёды, зьвілістым, паўцёмным калідорчыкам. Пазваніў у яго кватэру. Стары адчыніў мне дзьверы.

— Ну, нарэшце! — выгукнуў ён. — Дзе вы падзеліся? Я шукаў вас паўсюль. Штодня грукаўся некалькі разоў у вашы дзьверы. Зьбіраўся нават спытаць гаспадыню: ці вы ня зьехалі?

— Я выпадкова сустрэў сябра зь Менску. Часамі начую ў яго і не вяртаюся дахаты.

— Калі ласка, уваходзьце!

Я адчуваў сябе крыху няёмка. Я не хацеў казаць пра тое, што я даведаўся пра прыезд зь пісулькі Алены. Я памятаў, што дзяўчына не хацела, каб бацька ведаў пра яе вандроўкі ў бібліятэку. Рэванскі правёў мяне ў маленькую залю, у якой каля акна стаяў вялікі пісьмовы стол. Відаць, ён ці яго дачка працавалі за ім. Мне нават падалося, што на стале ляжаць кніжкі, узятыя зь бібліятэкі Жубжынскай. Яны былі ў масіўных вокладках цёмнага колеру.

— Вы паабедалі? — спытаў мяне Рэванскі.

— Так.

— Але вып’еце кавы?

— Калі вы будзеце рабіць сабе…

— Я якраз хачу выпіць. Зараз запару. А тут ёсьць альбом японскіх фатаздымкаў, Прагледзьце іх.

Ён выйшаў з залі. Я разгарнуў альбом і пачаў праглядаць вялікія, прыгожыя фотаздымкі, пераважна краявідаў гор і марскіх узьбярэжжаў.

Я раптоўна адчуў, што ў пакоі нехта ёсьць. Агледзеўся і заўважыў у дзьвярах, што вялі да іншага пакою, Алену. Яна прыклала палец да вуснаў на знак маўчаньня. Я ўзьняўся з фатэля. Дзяўчына наблізілася да мяне і амаль кранаючыся вуснамі майго вуха, так, што адчуваў цяпло яе подыху, пачала шаптаць:

— Не кажаце бацьку пра мяне і пра лісток… Мы незнаёмыя наогул…