Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 95
Сергей Песецкий
— Рукі ўверх!
Я павярнуў галаву ўправа і ўбачыў каля каміну Алену. У ёй былі насупленыя бровы. У правай руцэ яна правільна, па-мужчынску трымала нацэлены на мяне пісталет, парабэлюм.
— Рукі ўверх! — паўтарыла яна больш сурова.
Я ўзьняў уверх далоні, згінаючы рукі ў локцях.
— І што далей? — спытаў я бяз страху, але зь вялікім зацікаўленьнем.
Я трактаваў гэтую сытуацыю як выбрык альбо гульню, у якой трэба браць удзел.
— Сядайце на крэсла за сталом!
— Ахвотна. Дзякую за ласкавае запрашэньне.
Я сеў на крэсла, а рукі былі надалей узьнятыя ўверх. Я зь цікаўнасьцю глядзеў на дзяўчыну. Яна, наставіўшы на мяне пісталет, падышла да стала, узялася леваю рукою за сьпінку крэсла, адсунула яго і села насупраць мяне, на адлегласьці пяці крокаў.
— Апусьціце рукі!
— Ці можна закурыць цыгарэту?
— Вы ўсхваляваліся?
— Я прыемна ўсхваляваўся. І якраз пры такім настроі прыемна пакурыць.
Калі я ўсунуў руку ў кішэню па каробку цыгарэт і запалкі, то заўважыў, што вочы Алены ўважліва сочаць за мною. «Няўжо сапраўды яна стрэліла б, калі б я кінуўся на яе альбо выцягнуў зброю з кішэні?» Я закурыў цыгарэту.
— Можаце мне патлумачыць, што сталася? Калі справа ў грошах, то я ахвотна дапамагу.
— Справа ў тым, што заўтра, з самага ранку, не пазьней за дзясятую, а найлепш а дзявятай, вы зьявіцеся ў майго бацькі, перапросіце яго і скажаце, што возьмеце ўдзел ува ўсіх здымках.
— Вы ведаеце пра гэта… пра пашу працу?
— Я даўно ведаю.
— А размову нашую вы ўчора падслухалі.
— Безумоўна. Я заўсёды так раблю.
— Выдатна!
— Карысна!
— А калі я не пайду?
— Вы пашкадуеце.
— Вы мяне застрэліце. А потым надасьце выгляд самагубства. А пані Жубжынская будзе пераканана, што мяне застрэлілі духі. Хто ведае, мо вам удасца.
— Удасца.
Пэўны час я маўчаў і ўзіраўся ў спакойны твар Алены. Ці яна ведае пра чэкі? Яна магла падслухаць мае размовы з Сабадам, калі ён мяне шырока знаёміў з гэтай справай.
— Мне здаецца, што не было патрэбы так магутна ўзбройвацца, каб паразмаўляць са мною…
— Я пераканалася, што вы нягоднік! З гэткім тыпам не хацела б застацца бяззбройнаю сам-насам. А другая рэч: пераканаць, што тое, пра што кажу, — сур’ёзна.
— Але адкуль выснова, што я нягоднік? Вы прыходзіце ў мой пакой. Я вам дапамагаю ў гэтым. Захоўваю ў таямніцы. Першым разам вы ўдарылі мяне вельмі балюча. Але тады гэта адбылося ў замятні. А ўчора ізноў, наўмысна. Але ж я абняў вас выпадкова. І нарэшце — я нягоднік. Чаму?
— Я патлумачу народнаму герою. Мой бацька ўсім сэрцам вамі захапіўся. Ужо не як пазэрам для здымкаў, але як чалавекам. «Бедны Міхал. Галадаваў, спаў на гарышчах, у сутарэньнях. Ня можа знайсьці працы». І ўвесь час: Міхал і Міхал! «Алёнка, можа маеш якуюсь старую коўдру для Міхала? Трэба яму даць маю другую падушку. Абыдуся адною. Пашукай для яго якую прасьціну і пару ручнікоў». Словам: Міхал стаўся быццам бацькавым прыёмным сынам. А бацька ж ведае людзей. Тым часам Міхал, калі ў бацькі зьявілася ў ім патрэба, забыўся пра ўсё і паказаў рогі! Раптоўна стаўся маральным! Не выпадае яму. А маральнасьць залежыць, як і ўва ўсіх крывадушнікаў, ад таго, ці ёсьць грошы, ці не. Калі няма, дык можа рабіць любое сьвінства і гэтаму будзе апраўданьне. А калі ёсьць, дык адразу ж нацягваецца белая тога… Ну і як, пакрыўджаны народны герой, называць такога тыпа?