Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 94
Сергей Песецкий
— Але ж мадэлька — аснова здымкаў. Бо мужчын, якія пераважна і купляюць гэтыя фотаздымкі, цікавяць кабеты. Мужчына на іх — як бы дадатак да дэкарацыі.
— Пагаджуся. Але мадэль-мужчына мусіць адчуваць сытуацыю ў часе здымкаў. Гэта нялёгка. Акрамя таго, цяжка знайсьці мужчыну-мадэль надзейнага, далікатнага, тактоўнага. Я раней меў з гэтым дужы клопат. А мадэлек шмат. Зь серады, калі адмовіла Сабіна, я знайшоў ажно тры дзяўчыны, якія пагадзіліся пазаваць.
Я сядзеў у Рэванскага больш за дзьве гадзіны. Мы размаўлялі вельмі прыязна, а ён зусім не ўгаворваў, каб я пазаваў. Мне было прыкра, што я расчараваў яго, але я меркаваў, што цяпер няма ані сэнсу, ані патрэбы пазаваць да такіх здымкаў. Пасьля, на разьвітаньне, я сказаў:
— Пане Рэванскі, вы мне дапамаглі ў вельмі цяжкай сытуацыі. Я цаню гэта і буду заўсёды памятаць. Калі ж вам цяпер ці ў будучыні будзе патрэбна дапамога, напрыклад, вялікая пазыка, калі ласка, зьвяртайцеся да мяне.
— Шчыра дзякую. А я хачу вам параіць захоўваць асьцярожнасьць.
— Асьцярожнасьць?
— Так. Вы яшчэ мала дасьведчаны. Можаце зрабіць памылку. Варта памятаць, што няма для чалавека большай каштоўнасьці, чым свабода.
— Дзеля чаго вы мяне папярэджваеце?
— На ўсякі выпадак… Ды так сабе, як прыхільны да вас чалавек. Ага, я хачу даць вам яшчэ дзесяць тысяч.
— Я не вазьму. Я лічу, што вы плацілі мне вельмі добра і ня трэба болей.
— Ня буду настойваць. Заходзьце часам да мяне.
— Дзякую. Пастараюся калі-небудзь.
Я выйшаў з кватэры Рэванскага. Алены не пабачыў, яна ня выйшла са мною разьвітацца. Але я быў увесь час пад уражаньнем яе блізкай прысутнасьці ў залі. Мне падавалася цяпер, што яна для мяне найбольш цікавая асоба ў сьвеце. Але таксама страшэнны раздражняльнік. Аднак я прагнуў убачыць яе ізноў, пагутарыць зь ёю. Я вярнуўся ў бібліятэку й спраўдзіў яшчэ раз, ці добра схаваў грошы. Потым пайшоў у горад.
У суботу я купіў вялікую, прыгожа ўбраную ляльку. У яе былі залацістыя валасы, яна міргала вачыма і гаварыла: «Мама». Цацка была шыкоўная і дарагая. Ня ведаю, чаму мне прыйшло да галавы купіць для Алены такі падарунак. Я ня быў упэўнены, што яна яго прыме. Відаць, гэта была мая ўпартасьць: жаданьне прынізіць яе «сур'ёзнасьць». Але ў чыіх вачах, у яе ці маіх? Увечары я занёс ляльку ў свой пакой у Жубжынскай. Выняў яе з каробкі і пасадзіў у прыгожай позе на стале. На калені лялькі я паклаў паперку, на якой папісаў: «Прыгожай Алене — ад Міхала. Ляльку завуць Клеапатра». Пасьля я зачыніў пакой і пайшоў на шпацыр. Больш за дзьве гадзіны я хадзіў вуліцамі. Разважаў над тым, якія ўражаньні выкліча ў Алены лялька і ці забярэ яна яе. Калі мінула дзясятая гадзіна, я пайшоў дадому. З вуліцы зірнуў уверх. Вокны ў маім пакоі былі цёмныя. «Значыцца, ужо была і пайшла». Я памчаўся сходамі ўверх, адчыніў дзьверы ў бібліятэку і запаліў сьвятло. Лялька сядзела на стале ў такой самай позе, як я яе пакінуў. Я адчуў расчараваньне. Падышоў да стала і ўзяў паперчыну. Не было на ёй дапіскі. У гэты момант пачуў спакойны, рашучы голас Алены: