Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 92

Сергей Песецкий

Зусім несьвядома, аўтаматычна я абняў яе праз плечы леваю рукою.

У тое ж імгненьне я адчуў удар кулака ў грудзі і Алена адскочыла назад. Зірнула на мяне прыжмуранымі вачыма. Выглядала так, быццам бы хацела кінуцца на мяне і ўкусіць. Я ж пазіраў на яе зь зьдзіўленьнем. Але, магчыма, яна зразумела, што мой жэст быў выпадковы, бо твар яе зьмяніўся зь дзікага на сур’ёзны. Яна пашыбавала да дзьвярэй. Там павярнулася да мяне і пагразіла кулаком. Тады і я паказаў ёй кулак. Яна адказала высалупваннем языка і крыўляньнем твару, потым зьнікла за дзьвярыма. Я вылаяўся. Сеў у фатэль і пачаў праглядаць фатаздымкі. Праз пэўны час заўважыў, што не адрозьніваю здымкі. Думкі мае былі ў іншым месцы. Вярнуўся Рэванскі. Прынёс распачатую пляшку каньяку і два кілішкі. Паставіў усё на малым століку пасярод пакою.

— Выдатна выглядаеце, — сказаў ён мне.

— Харчуюся добра. Мне цяпер болей шчасьціць.

— І адзеяцеся прыгожа. А дзе гарнітур, які я вам даў?

— Аддаў яго аднаму бедаку, які апынуўся ў трагічнай сытуацыі.

Чакаў, што Рэванскі пачне размову пра нашы здымкі, але ён, відавочна, адкладаў яе на пасьля. Я зрабіў выснову, што яна для яго важная.

— Ці маеце сёньня шмат вольнага часу? — спытаў мяне.

— Зараз нікуды не сьпяшаюся. Заўсёды з прыемнасьцю размаўляю з вамі.

Дзьверы, што вялі да залі, адчыніліся, і ўвайшла Алена. Яна несла на нікелевым падносе кававарку і дзьве філіжанка

— Мая дачка, — сказаў Рэванскі.

Я ўзьняўся. Дзяўчына паставіла паднос на століку.

— А гэта, Алёнка, наш Міхал. Мой добры знаёмы, пра якога я ўжо гаварыў.

Дзяўчына надала мне далонь і пазірала спакойна, быццам бы сапраўды першы раз мяне ўбачыла. Я назваўся і дадаў:

— Мне вельмі прыемна.

— Мне таксама, — адказала яна амаль іранічна.

— Калі ласка, сядайце, — мовіў Рэванскі мне. Потым зьвярнуўся да дачкі: — Можа, і ты, даражэнькая, вып’еш кавы?

— Ведаеш жа, што кавы не люблю. Пасьля вып’ю гарбаты.

— Будзеш дзівіцца, Алёнка, бо пан Міхал, калі быў у мяне першы раз, адразу зьвярнуў сваю ўвагу на твой партрэт.

— Гэта вялікі для мне гонар! — сказала яна з наўмысным сарказмам.

— Кажу сур’ёзна. Ён сказаў, што ты прыгожая.

— Надзвычай прыгожая!

Дзяўчына зірнула на мяне прыжмуранымі вачыма. Потым яна сказала:

— А татуля, вядома, запратэставаў. Бо яго дачка салодкая, як мёд, і гарачая, як гэтая кава ў кававарцы. Так, татуля?

— Так, даражэнькая.

— Тата, ня піце каньяку. Хіба што крышку. Госьць, зразумела, як захоча. А вас я прашу прабачэньня. Маю справы.

— Дзякую за каву.

— Калі нешта спатрэбіцца, пакліч.

Алена выйшла з залі.

— Мая пацеха, летам была на вёсцы, — мовіў Рэванскі. — Кожны тыдзень прыяжджала на суботу і нядзелю. А цяпер стала жыве са мною.

— Вам весялей.

— На самай справе больш зручна, бо яна вядзе гаспадарку. У мяне ёсьць служанка, якая прыходзіць, але за ўсім трэба сачыць. А як вы даяце сабе рады?

— Цалкам добра.

— Выдатна. Я часта вас прыгадваў і думаў, што вы тут робіце? Мо, знайшлі працу?

— Нерэгулярную, але добра аплачваную.

— Калі ласка, яшчэ каньяку. Я п’ю мала. Я зашмат выпіў у маладосьці.

— А як у вас склалася з нашымі здымкамі?