Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 90
Сергей Песецкий
— А я заўсёды малюся. Я хачу ведаць, як вас завуць?
— Скажу, калі цягнік рушыць.
Я выйшаў на пэрон. Раман стаў ля адчыненага акна вагону. Пачуўся сьвісток. Цягнік рушыў зь месца.
— Завуць мяне, як і вашага сябра, Міхал.
— Міхал?!.. Міхал! Буду за цябе маліцца да сьмерці! Да сьмерці…
Цягнік адышоў. Я пачуваўся прысаромленым. Я хацеў бы сказаць Раману цяпер, што гэтыя грошы кепскія… крадзеныя. Але нягледзячы на гэта я быў задаволены. Тое, што даў учора грошы Алене, не паспытаўшыся яе «каханьня», а сёньня Раману, як бы зьменшыла марнасьць майго жыцьця… Можа, была гэта ахвяра, складзеная для бязьлітасных бостваў, што правяраюць іранічна на галечу і дурноту людзей, якія ня ўмеюць справядліва і разумна арганізаваць сваё жыцьцё на зямлі.
12
Неўзабаве па ад'езьдзе Рамана са мною адбылася прыемная неспадзяванка. У суботу, як звычайна, я пакінуў для Алены ў бібліятэцы падарунак — вялікую дыню — і лісток са словамі: «Прыгожай Алене — дадатак да паэмы з кветак». Пасьля я падаўся на даўжэйшы шпацыр. Калі я вярнуўся а палове на адзінаццатую, дыні на стале не было. На яе месцы стаў кубак кампоту, на лістку было дапісана: «Я ў захапленьні — прыбраная бібліятэка! Гэта мілей за паэму».
Адразу ж я пайшоў да Колькі, які чакаў мяне ў рэстарацыі Берчыка. Па дарозе я разважаў, чаму Алена займае мае думкі. Я ж ня быў сэксуальна заклапочаны, бо ў мяне было досыць кабет. Але кожны ўспамін пра яе ўзрушваў мяне. Я быў упэўнены, што гэта не каханьне, бо я нават і не здагадваўся, што гэта — сапраўднае каханьне. Зразумеў, аднак, што яна зацікавіла мяне сваім характарам.
На наступным тыдні мы прадалі чацьвёрты чэк на тысячу даляраў. Я разам з Сабадам паехаў дзеля гэтага ў Маладэчна. Якуб даў нам два адрасы, дзе можна будзе прадаць чэк. Мы старанна ўсё падрыхтавалі. Чэк быў добра вымыты. Аўтэнтычны дакумэнт, пераробленае на фальшывае прозьвішча. Спрытна складзены ліст «з Амэрыкі». Чэк я прадаў лёгка, па цане толькі крыху ніжэйшай ад курсу біржы. Перакупнік, які ў мяне набыў чэк, прасіў толькі паказаць пасьведчаньне асобы, каб спраўдзіць ідэнтычнасьць прозьвішча. Ён адразу ж заплаціў мне і нават папрасіў у мяне зьвяртацца да яго наступным разам. Зразумела, я паабяцаў гэта зрабіць, хаця ведаў, што кожнае месца выкарыстоўваецца толькі адзін раз. За ўдзел у продажы гэтага чэку на мяне прыпала — на адлічэньні выдаткаў — амаль пяцьсот тысяч марак. Дарма што я вытраціў шмат грошай з раней прададзеных чэкаў, у мяне цяпер было больш за мільён марак. Усё ж Сабада меў рацыю, калі, прапаноўваючы мне гэтую «работу», сказаў, што можна зарабіць мільёны. Мільёнаў у мяне няма, але праца наша толькі пачынаецца. Супольнікі мае плянуюць большыя акцыі ў некалькіх гарадох. На працягу пару месяцаў яны зьбіраюцца прадаць дзясяткі чэкаў, а пасьля скончыць гэтую авантуру, бо мае надысьці канец нашаму шчасьцю. Апошнім разам Якуб сказаў мне, што ён чакае перасылкі яму з Амэрыкі й Англіі некалькі дзясяткаў чэкаў на дробныя сумы. Потым ён пераробіць іх, скампануе дакумэнты і лісты, а пасьля продажу ўсіх мы распусьцім нашу кампанію. Калі так станецца, то я сапраўды буду валодаць мільёнамі.