Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 89
Сергей Песецкий
— Ну, пайшоў да магілы сябра. Сьвежая магіла. Нават паплакаў. Пасьля знайшоў занядбаны магільны склеп. Пашчасьціла адчыніць дзьверы. Нанёс у сярэдзіну сена, лісьця, саломы… Сплю там. Пяцьдзясят крокаў ад сябра. Гэтак ён мяне запрасіў: на могілкі. Даў пасаду. Але не дакараю яго. Добры быў чалавек. Вельмі добры. Шкада, што і я побач зь ім у зямлі не ляжу.
Па сьняданьні канцылярыст, якога звалі Раман, спытаў мяне:
— Што цяпер?
— Цяпер пойдзем да цырульніка. Пастрыжацеся і паголіцеся. Я таксама пагалюся. Потым возьмемся за работу.
— Якую?
— Працы баіцеся?
— Не. Я буду рабіць усё. Але баюся, што ня здолею.
— Здолееце.
— Добра. Буду рабіць, як умею, што скажаце.
Я ўжо меў у галаве разьвязаньне. Зьвярнуўся да Рамана:
— Ад цырульніка пойдзем да мяне, і вы прыбераце мой пакой. Шмаравідла да паркету купім па дарозе. І яшчэ, сёньня паедзеце ў Каліш. Я куплю вам квіток і дам вам дваццаць пяць тысяч марак. Дасьце сабе рады з гэтым?
— Зразумела, дам рады.
— Ну, бо што вам рабіць у Вільні? Жыць на могілках? Я дам таксама маю бялізну і гарнітур. Купім валізку. Як звалі вашага сябра?
— Міхал.
— Міхал? Буду замест яго. Можа, гэта ён паказаў мне вас.
— А ці вам не прыйшло да галавы, што я мог гэта ўсё прыдумаць?
— Не.
— Зараз пакажу вам дакумэнты.
— Ня трэба.
— Прашу вас, хачу, каб вы праверылі, што гэта сапраўды так. Бо ёсьць жа ашуканцы. А я, я нават жабраваць ня ўмею. Думаў пра гэта, але саромеўся. Хацеў памерці… І ліст яго апошні зараз вам пакажу.
Я вымушаны быў спраўдзіць дакумэнты Рамана і прачытаць ліст, што пацьвярджаў праўдзівасьць гэтае гісторыі. Але і раней я верыў кожнаму яго слову. Чытаў праўду ў яго вачах, у дрыжэньні голасу.
Пасьля пастрыганьня і галеньня Раман выглядаў як звыклы, хаця і бедна апрануты мужчына. Я праводзіў яго ў бібліятэку, якая была вельмі занядбанаю. Даў яму тубік пасты і прылады для прыбіраньня. Ён ахвоча ўзяўся за работу, а я пайшоў купіць валізку. Апоўдні пакой, у якім я жыў у Жубжынскай, зіхацеў чысьцінёю. Паркет выглядаў ня горш чым у салёне Грачанкі. Прадметы адбіваліся ў ім як у люстры. Але Раман быў моцна стомлены.
Я сказаў яму:
— Схадзеце цяпер у лазьню й адмыйцеся ад бруду. Пасьля, калі ласка, вяртайцеся сюды. Я падрыхтую ўсё для вас. Цягнік на Варшаву адыходзіць а чацьвёртай гадзіне. У Варшаве перасядзеце на цягнік да Каліша. Вы едзеце?
— Ну ясна, калі вы мне дапаможаце.
Я даў яму сваю чыстую бялізну, шкарпэткі й гарнітур, які атрымаў раней ад Рэванскага. Калі Раман вярнуўся з лазьні, ён выглядаў зусім добра. Мой гарнітур быў для яго крыху завялікі. Раман вычысьціў сваё восеньскае паліто і порткі. Мы спакавалі іх у валізку. Я даў яму ўсе мае ручнікі, бялізну і нават чаравікі. Ён мог з гэтым ператрываць да лепшых часоў.
Мы паабедавалі ў добрай рэстарацыі, потым паехалі брычкаю на вакзал. Я купіў пэронны квіток для сябе і квіток да Каліша для Рамана. У купэ я даў Раману пачак грошай, дваццаць пяць тысяч марак. У яго заняло мову ад узрушэньня. Ён спытаў:
— Ці верыце вы ў Бога?
— Хм… Ня ведаю… Ну, безумоўна, у Бога веру… Бо ў нішто іншае на зямлі верыць нельга. Але не малюся. У касьцёл не хаджу. Але для мяне няма нічога больш узьнёслага на сьвеце за постаць Хрыста і яго навуку…