Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 83
Сергей Песецкий
— Добры вечар! — павітаўся я.
— Добры вечар.
Я паціснуў яе далонь і прысеў за столікам. Адчуваў сябе крыху няёмка. Мне было прыкра, што дзяўчыне давялося прыйсьці сюды дзеля таго, што я магу заплаціць ёй за «каханьне». Я адчуваў нават згрызоты сумленьня і пачуцьцё віны перад ёю. Але мне давялося надалей граць ролю багатага маладзёна, які хоча забавы зь дзяўчынаю.
— Нешта зьясьце або вып’еце?
— Ну то мушу.
— Чаму мусіце?
— Бо гэта прыбытак шэфіні.
— Зусім ня мусіце. Шэфіня сказала мне, каб замовіў для вас гарбаты і порцыю торту.
— Сапраўды? Ведаеце, я не люблю алькаголю.
Я націснуў гузік званка. Калі прыйшла пакаёўка, замовіў гарбаты і порцыю торту для Алены, а для сябе кілішак каньяку і дольку цытрыны з цукрам. Падалі нам гэта хутка — быццам бы ўсё было даўно гатова.
— Вы доўга мяне чакалі. Я не магла прыйсьці раней, бо хадзіла ў аптэку па лекі.
— Для сябе?
— Для мамы. Давялося пайсьці ў дзяжурную аптэку, уночы толькі адна яна працуе.
Было нешта ў выразе твару і вачах маладзіцы, што мяне дзівіла, ды нават непакоіла. Адчуваўся нейкі боль альбо цяжкая туга. Яна падалася мне зусім не прастытуткай, але беднай і прыстойнай дзяўчынаю.
— Таму вып’ем за здароўе вашай мамы! — я ўзьняў кілішак і даткнуўся філіжанкі Алены. — Гэта раптоўная хвароба?
— Не, хранічная. Але часам ёй горшае.
— Ці няма нікога ў доме, каб ёю апекавацца бяз вас?
— Мы жывём адны. У мяне быў нарачоны, але ён загінуў на вайне ў дваццатым годзе. Яго магіла на вайсковых могілках у Баранавічах.
— А бацька?
— Бацька згінуў. Ён працаваў у Харкаве ў гандлёвай фірме. Пасьля рэвалюцыі да нас не вярнуўся. Але для вас гэта сумна і нецікава.
— Мяне гэта зусім ня нудзіць. Ці можна спытаць: дзе вы працуеце? Ці толькі тут?
— Не… Я працую па прафэсіі… Я мадыстка. Бяру работу на дом. Пераважна яе дарабляю.
— Колькі вы зарабляеце?
— Вы забаўны. І што з таго, калі даведаецеся?
— Папросту цікаўлюся, колькі зарабляюць на розных прафэсіях.
— Ня больш чым пяць тысяч у тыдзень. Часам чатыры ці нават тры. З гэтага нельга пражыць.
Алена выпіла гарбату і зьела торт. Пасьля спытала, каторая гадзіна.
— Адзінаццатая.
— А дванаццатай мушу сысьці.
Я зарыентаваўся, што яна дае мне зразумець, што на «каханьне» мала часу. А я думаў пра яе маці, якой цяпер, магчыма, патрэбна дапамога дачкі. Выняў з бакавой кішэні пінжака пяць банкнотаў па тысячы марак і падаў Алене.
— Калі ласка. Вазьміце гэта.
— Вялікі дзякуй.
Яна схавала грошы ў торбачку, узьнялася і пачала здымаць сукенку.
— Не разьдзявайцеся.
— Чаму? Я не хачу, каб пакамечылася сукенка.
— Во… мне шкада вас. Ідзіце дадому.
— А гэтыя грошы?
— Забірайце іх сабе.
— Задарма?
— Зусім не. Вы прыйшлі сюды да мяне. Страцілі час. Таму гэта ўжо не дарма.
— Мне прыкра, што я вам не падабаюся.
— Вы надзвычай мне падабаецеся, і таму я хачу, каб вы пайшлі раней дадому. Ці мама ведае, што вы тут… ну… падпрацоўваеце?
— Яна не павінна ведаць!
— Тады ідзіце. Можа, вы патрэбны дома.
— Але я магу застацца да дванаццатай.