Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 82
Сергей Песецкий
— Тыя два стрыгуць польскія лясы, як цырульнік сялянскую чупрыну! Гэта тыпы яшчэ тыя!
— Ты ведаеш іх?
— Ну ясна, ведаю. Дзеля іх гэткія ўстановы і ўтрымліваюцца. Бо з нас малая карысьць.
Грачанка сядзела пры століку гасьцей і размаўляла зь імі. Таўстун час ад часу выбухаў кароткім, хрыплым сьмехам. Лысы досыць часта вымаўляў: «Абсалютна»! Мне ж карцела падысьці да Таўстуна і ўваліць яму ў морду. Я добра памятаў яго ўспацелы твар і злы голас: «Напіся вады!»
— Еўка бярэцца за працу! — сказаў Колька. — Яна возьме іх у абарот.
Грачанка ўзьнялася і кіўнула галавою ў напрамку піяніна. Наташа і Ева падышлі да століка. Павіталіся з гасьцямі й селі. Грачанка сказала нешта Янцы, якая адразу выйшла з салёну. Неўзабаве падалася за ёю і яе шэфіня.
— Сёньня будзе тут нудна, — мовіў Колька. — Нажаруцца як сьвіньні, а потым пойдуць зь дзяўчатамі ў кабінэт на каву ці гарбату зь лікёрам.
— То навошта яны прыйшлі сюды на ноч?
— Навошта? Еўка паставіць патэфон у кабінэце і будзе ім танчыць голая. Можа, і Наташа. Гэткая ў іх забава. Бо ў кабінэтах усё можна.
— Калі я пайду да кабеты, ты будзеш нудзіцца?
— Доўга ж зь ёю не застанешся. Я пачакаю. Можа, запрашу Ганку. Мама таксама ня дасьць мне сумаваць.
Дзьверы ў залю ўвесь час адчыняліся. Янка зграбна прыносіла стравы, закуску, напоі. Колькі разоў заходзіла Грачанка. Яна набліжалася да століка гасьцей і размаўляла зь імі. Але найбольшае ажыўленьне ўносіла Еўка. Яе сьмех і голас увесь час гучалі ў залі. Мне было ўсё больш сумна. Здавалася, што я бяру ўдзел у кепскай забаве перанасычаных людзей, тады як вуліцамі ходзяць бяздомныя і галодныя небаракі. Я цалкам сур’ёзна задумваўся, што б мне зараз зрабіць? Калі б ня Колька, не Грачанка, не сымпатыі да дзяўчат, гэты вечар у Мамы ня скончыўся б без прыгодаў.
11
Калідор быў слаба асьветлены цьмянай лямпачкай. Падлогу засьцілаў вельмі мяккі кілім, які прыглушаў крокі. Абапал калідору былі вузкія дзьверы. Грачанка ішла за мною. Затрымалася і ўзяла мяне над руку. Пасьля наблізіла твар і ціха сказала:
— Зойдзеце праз гэтыя дзьверы, — паказала яна далоньню. — Ня трэба стукаць.
— А калі мне не спадабаецца?
— Што? Ты што, дзіця? Пасядзіш зь ёю, пагутарыш. Дасі нешта ў лапку за турботы і вернешся ў залю. Знойдзеш некага да смаку. Франку табе пакажу. Яна дзябёлая.
— Дзякую.
— Прыемнага адпачынку. Не замаўляй віна. Папрасі гарбату і кавалак торту для яе.
Яна махнула мне рукою і ціха сышла. Я націснуў клямку дзьвярэй і ўвайшоў у слаба асьветлены пакой. Падлогу засьцілаў тоўсты дыван. На сьцяне, за высокім тапчаном, вісеў вялікі кілім. Я быў усхваляваны й адчуваў, што сэрца імкліва б’ецца ў маіх грудзёх. Я чакаў, што ўбачу дачку Рэванскага. За столікам у глыбіні пакою ўзьнялася сьціпла прыбраная дзяўчына. Яна была тонкая, амаль худая. Я адразу зразумеў, што гэта не Алена. Нават твар яе быў менш падобны, чым на фатаздымку. Я пачуўся свабодным і… радасным. «Дык гэта не Алена! Якое шчасьце!»