Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 81
Сергей Песецкий
— Можа. Што замовіць?
Я задумаўся. Узгадаўся мне Рэванскі й яго каньяк з чорнаю каваю.
— Мо, каньяку і чорнай кавы.
— Шыкоўна! Бо я трохі сонны.
Колька зазваніў. Прыйшла Ганка.
— Падай нам, золатка, чорнай кавы і каньяку.
— Можа, «Martell»? Есьць таксама польскія гатункі.
— Дай чвэрць бутэлькі «Martell»’у.
Пакаёўка сышла. Ева і Наташа танчылі танга. Колька ціха пасьвістваў мэлёдыю танцу. А я няспынна думаў пра Алену і быў расхваляваны. «Папраўдзе ня маю падставы зьдзіўляцца. Ёсьць прастытуткі й маладзейшыя за яе. Нават дзеці. Але мае нахабства! Любоўны ліст — гэта для пакаёўкі. А для яе мусіць быць паэма… З пэрламі, рубінамі…»
— Якія рубіны? — спытаў Колька, бо я вымавіў уголас апошняе слова сваіх думак.
— Ніякіх… Задумаўся і прыпамінаў сабе вершы.
Увайшла Грачанка, яна была вясёлаю. Падышла да нашага століка і сказала:
— Хлопцы, зараз будзе кава. Сама напарыла. Цуд! — пацалавала коньчыкі пальцаў. Пасьля зьвярнулася да мяне:
— Па Лену Янка ўжо пайшла.
— Дзякую.
Грачанка падышла да дзяўчат, якія танчылі. Дала ім знак рукою, і яны сышлі разам у кабінэт.
— Мне падаецца, госьці будуць, — сказаў Колька. — Адбываецца вайсковая нарада. А я думаў, што сёньня ніхто ня прыйдзе.
Той вечар ня скончыўся для мяне адной неспадзяванкай. Рыхтавалася другая. Ледзьве скончылася нарада Грачанкі зь дзяўчатамі, трэцяя пакаёўка падрыхтавала столік для вячэры на чатыры асобы.
— Я казаў табе, — ажывіўся Колька.
Наташа села за піяніна і пачала граць нейкую лёгкую мэлёдыю. Мне падалося, што недзе чуў яе раней. Праз хвіліну дзяўчына перайшла на акампанэмэнт і засьпявала расейскі раманс:
Ева стала каля піяніна і жэстамі ілюстравала камічны сьпеў Наташы. Пакаёўка паставіла на стол для гасьцей зрэзаныя кветкі ў вялікай, шырокай, высокай вазе.
— Псыхалёгія! — мовіў Колька. — Госьці прыйдуць, а тут стол для іх прыгатаваны: срэбра, парцаляна, крышталь, кветкі. Дзяўчаты граюць на піяніне, сьпяваюць. Адразу ствараецца настрой, што прыйшлі да сябе, што тут іх чакаюць і любяць. А за гэта трэба будзе заплаціць. І шмат. Мама ведае, з каго выцягнуць. З намі гэткіх цырымоній няма.
За некалькі хвілін дзьверы ў залі адчыніліся і ўвайшла Грачанка. Яна ветліва жэстам запрасіла:
— Сардэчна прашу!
У залю ўвайшоў мажны, стары мужчына. Кругавымі рухамі паціраў далоні, быццам бы іх мыючы. На твары яго была прылепленая ўсьмешка: «Ах, як тут мне прыемна!» За ім увайшоў другі, лысаваты. У яго былі крыху надзьмутыя губы, бровы ўзьнятыя. Яго міна казала: «Так, я ўцёк!». Неспадзяванка палягала ў тым, што я ведаў абодвух. Лысага бачыў два разы. Раз у сталовым пакоі дома, зь якога скраў гарнітур і гадзіньнік. Другі раз у цукерні «Чырвонага Штрала», куды ён прыйшоў разам з жонкаю, якую раней я бачыў у абдымках каханка. Таўстун жа быў тым, каму я занёс валізкі ў білетную касу на вакзале, ды які нічога мне ня даў. Наташа сьпявала далей — трохі цішэй. Ева ўдавала, што слухае з зачараваньнем. Грачанка правяла гасьцей да століка. Янка стала з боку з двума аркушамі ў руках, сьпісам страў і сьпісам він. Яна стаяла, выцягнуўшыся, як жаўнер, што чакае загаду камандзіра. А Колька сказаў мне ціха: