Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 80

Сергей Песецкий

— Еўця, супакойся! І не паказвай усіх сваіх вабнотаў.

Грачанка села да нашага століка і пазваніла. Калі прыйшла пакаёўка, сказала ёй:

— Прынясі мне малую філіжанку чорнай кавы. А дзяўчатам, — кіўнула галавою ў кірунку Евы і Наташы, — падай гарбаты.

Пакаёўка сышла з залі. Тады Грачанка падала мне малы альбом.

— Прагледзьце гэтыя галерэі.

Яна пачала гутарыць з Колькам. Я разгарнуў альбомік і ўбачыў партрэтны здымак маладой, прыгожа прычасанай дзяўчыны. Яна пасьміхалася. Фатаздымкаў было няшмат, можа толькі дзесяць, але калі дайшоў да шостага, я з жахам убачыў партрэт Алены. Я ня даў веры сваім вачам. «Ці гэта магчыма?» Пасьля прыйшоў да высновы, што гэта так. Яна ж паводзіла сябе надзіва сьмела. Заходзіла ўвечары ў мой пакой. Яе згадка пра Сабіну таксама не была заўвагаю наіўнай дзяўчыны. Апроч таго, занятак яе бацькі! А можа, і яна пазавала яму з мужчынамі? Гэткія думкі роіліся ў маёй галаве. Каб не прыцягнуць увагу да маёй зьбянтэжанасьці, я праглядаў альбом далей, амаль ня бачачы наступных здымкаў. Грачанка тым часам піла чорную каву і ціха гутарыла з Колькам. Калі я скончыў праглядаць здымкі, спыталася мяне:

— Зацікавіла вас якаясь з гэтых жанчын?

— Але. Мяркую, што ўсе прыгожыя.

— Але ніводная не прыпала да сэрца?

— Ці я ведаю… — нерашуча перагортваў я старонкі альбому. — Мо, гэтая… Надта мілы твар.

— Дзіўна! — сказала Грачанка. — Акурат яна найменні падабаецца мужчынам. У яе халодныя вочы. Без усьмешкі. Задуменная. Сумная.

— Як яе зваць?

— Алена. Жыве недалёка, але тэлефону ня мае. Калі хочаце, пашлю па яе пакаёўку. Яна павінна цяпер быць дома.

— Быў бы вам удзячны, — сказаў я, бо пастыдаўся адмаўляцца.

— Але, — мовіла Грачанка, — яна і яшчэ тры іншыя да гасьцей не выходзяць. Яна будзе чакаць вас у асобным пакоі. Вы хочаце, каб яна пабыла з вамі ўсю ноч, ці коратка? Бо калі яна будзе тут спаць, можа захоча ўзяць нешта з хаты. Я заўсёды інфармую пра гэта дзяўчат. Некаторыя зь іх ідуць удзень на працу.

— Няхай яна прыйдзе толькі на вечар.

— Добра. Зараз я гэта ўладжу.

Грачанка выйшла з салёну, забраўшы здымкі. Колька сказаў:

— Гэты альбомік мала каму даступны.

— Скажы, — пытаў я сябра, — ці мяне да яе паклічуць?

— Так. Мама пакажа табе яе пакой. Пойдзеш туды як да сваёй каханкі. І не саромейся.

— А як ёй плаціць?

— Ну, за пару гадзін дасі ёй некалькі тысяч. Чатыры, пяць. Уцісьнеш грошы ў яе сумачку альбо кішэню. Яна ня будзе ні пра што й пытаць. Гэта так тут вырашаецца. І замоў што-небудзь. Напрыклад, бутэльку шампанскага.

Ева і Наташа завялі патэфон і пачалі танчыць вальс.

— Дзяўчаты нудзяцца, — мовіў Колька. — Сёньня пусты вечар.

— Чаму Мама ня дасьць ім вячэры? Можа, яны галодныя? Я заплачу.

— Не. Мама есьці не шкадуе. Атрымаюць добрую ежу, але толькі калі па дванаццатай ня будзе гасьцей. Цяпер захоўваюць апэтыты для абдурваньня аматараў іх кампаніі. Тут усё пралічана. А іх страўнікі — гэта залатыя руднікі для Мамы. Яны павінны добра есьці й піць. Асабліва піць і выбіраць найдаражэйшыя напоі.

— Можа, вып’ем яшчэ?