Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 79
Сергей Песецкий
— А як з паліцыяй? — спытаўся я.
Колька ўмэнт зразумеў сэнс майго пытаньня.
— Паліцыя? Відавочна, усё ведае. Але гэта афіцыйна зарэгістраваная сталоўка. Дзяўчаты — афіцыянткі й хатнія служанкі. А ўвечары яны прыходзяць да гаспадыні як госьці. Калі гэта нікому не перашкаджае, няма боек, скаргаў, крадзяжоў — паліцыя ня можа ўмешвацца. Акрамя таго, наша Грачанка мае такіх апекуноў і знаёмых, што ніхто не адважыцца, нават калі будзе падстава, яе зачапіць. Тут, мой даражэнькі, калі б госьці ўпісваліся б у гасьцявую кнігу, пабачылі б гістарычныя прозьвішчы. Сёньня тут ціха. Але часамі на бочных вуліцах побач стаяць па некалькі аўто. І ня толькі віленскіх.
— Ты казаў, што гэта звычайны бардэль.
— Вось табе й на! Казаў, бо гэтак і ёсьць і заўсёды было. Былі й ёсьць куртызанкі, якія нават міністраў трымалі ў руках. А хто яны? Гэткія самыя прадажныя кабеты, як і тыя з вуліцы. Толькі звычайную дзеўку любы «мент» зачэпіць. А перад лепшай — «на зважай» стане. Маеш «капусту», плаціш — і ўсё ў парадку. Але з Грачанкаю трэба асьцярожна.
— Чаму?
— Бо мае выхады. Ня ведаю добра, якія, але мае. Быў тут адзін спрытнюга, які спрабаваў яе даіць. Аніводнай маркі зь яе ня выцягнуў, а за шантаж атрымаў год вязьніцы.
Дзьверы ў залю адчыніліся. Я ўбачыў маладую кабету з рудымі валасамі, апранутую ў клятчастую спадніцу і крэмавую блюзу. Яна крыкнула «ур-ра!» і з разгону скочыла на паркет пасярод залі, па якім паехала як на лёдзе. Пасьля зрабіла рэвэранс у нашым напрамку і прамаршавала да століка. Зьвянулася да Колькі, робячы пласксівую міну:
— У маёй панчосе дзірачка!
Узьняла ўверх спадніцу і паказала нам голыя сьцёгны.
— Еўка, Мама ўвойдзе! — папярэдзіў яе Колька.
— Ведаю, ведаю… Маладых хлапцоў Мама рэзэрвуе для сябе. Ненасытная!
Другая дзяўчына, якая ўвайшла разам зь Еваю і прысела за столікам здалёк ад нас, паклікала:
— Явуся, хадзі сюды!
— Еўка, Мама ўвойдзе! — перадражніла Колькавы словы й падрабляючы рухі Грачанкі адышла, ненатуральна хістаючы клубамі й азадкам.
— Бачыш, што за цаца! — зьвярнуўся да мяне сябра.
— А ведаеш, яна мне падабаецца-
— Супакойся. Няхай пачакае іншых гасьцей. Гэта спэц па абдурваньні старых і скнараў. Вазьмі сабе Янку. Вельмі мілая. А можа, хочаш пабачыць фоткі дзяўчат з гораду?
— Але. Цікава.
— Аднак ня кожная выходзіць на залю. Есьць такія, якія прыходзяць у пакоі і тамака чакаюць адпаведнага госьця. Туды таксама падаюць ім пірожныя, віно, садавіну. Зараз прынясу табе фатаздымкі.
Колька выйшаў. Ён вярнуўся за пяць хвілін і сказаў:
— Хутка Мама завітае да нас. Іх яна нікому не дае. Справа сакрэтная.
Прыйшла Грачанка. Ева ўсхапілася зь месца і скіравалася вайсковым крокам да сваёй шэфіні. Стала на зважай і засалютавала:
— Пане генэрале, рапартую: у залі двое ўланаў і дзьве кабылкі. Рыхтуемся да маршу! Вольна!
— А хто паркет падрапаў? — паказала пальцам Грачанка.
— Мамуся, даражэнькая, зараз ён будзе ў парадку.
Яна падбегла да зіхоткага квадрату паркету, выняла з кішэні ў спадніцы папяровую сурвэтку, прысела і пачала націраць падлогу.