Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 78
Сергей Песецкий
У залю ўвайшла Грачанка. Дарма што яна была дзябёлая, рухалася зграбна і лёгка. Падсунула фатэль да нашага століка, села і спытала:
— Ці вы моцна галодныя?
— Я моцна, — сказаў Колька. — Ня меў часу на абед.
— Дык вось ёсьць добрыя запечаныя кураняты. Да іх можа быць салата зь сьвежай гародніны. А на пачатак халодныя закускі і, можа, графін белай. Такі маленькі, дзіцячы. Як?
— Выдатна! Няхай Мама сама нам гэта арганізуе.
— А вы? — зьвярнулася яна да мяне.
— Мне ўсё адно.
Грачанка даткнулася маёй далоні.
— Я люблю такіх гасьцей. Ніякага клопату. Бо ёсьць і гэткія, якім дагадзіць нельга.
— Запрашаем Маму на вячэру, — сказаў Колька.
— Не, даражэнькія, — адказала яна. — Я ўжо павячэрала. Можа, запросіш да сабе якую маладзейшую.
— Аддаю перавагу Маме за кожную іншую.
— Хлусіш. Ведаю ж, — сказала яна, кінуўшы позірк на Кольку. Пасьля прыцішыла голас. — Сёньня прыйдзе Еўка. Памятаеш яе? Рудая.
— Памятаю. Аблілася некалі чырвоным віном, а пасьля зьняла сукенку, бялізну, сядзела галяком і плакала, што нешчасьлівая.
— Фу, галяком. Нявыхаваны хлапец. Але раю не запрашаць яе. Наташа таксама будзе.
— Мама раўнівая. Еву старым мужыкам падсоўвае, а маладзейшых рэзэрвуе для сябе.
— Атрымаеш пляскача, смаркач!
У залю ўвайшла трэцяя дзяўчына, убраная як іншыя пакаёўкі. Прынесла сэрвіроўку на дзьве асобы. Прывіталася з намі й зграбна заставіла столік.
Грачанка ўзьнялася.
— Баўцеся, панове! Прыйду да вас пасьля. Калі нешта патрэбна — калі ласка, званіце.
Яна выйшла разам зь дзяўчатамі. Потым Колька сказаў:
— Ева забаўная і вясёлая, але трохі самадурная. Госьці яе любяць, бо прыгожая і добра складзеная, але Мама трымае яе толькі таму, што мае зь яе добры прыбытак. Здольная абдурваць гасьцей як ніхто іншая. Таму намагаецца падсоўваць яе багатым тыпам. А Наташа — расейка. Грае на піяніне і сьпявае.
— Навошта яна яе выклікала?
— Напэўна, «дзяжурная». Сюды звычайна прыходзяць увечары па дзьве. А калі трэба больш, Мама праводзіць мабілізацыю. Яны жывуць недалёка. У некаторых ёсьць тэлефоны.
Неўзабаве мы наваліліся на вячэру. Са словаў Колі я разабраўся ў звычаях гэтай установы. Выявілася, што тут ёсьць дарагія, толькі найлепшыя напоі. З абранай кабетаю можна ў любы момант пайсьці ў вызначаны для яе пакой. За ежу і напоі плаціш паводле рахунку. А жанчынам асобна — па дамове. І такі плацеж трактуецца як прэзэнт. Гэткім чынам аслабляецца сэнс звычайнай прастытуцыі, зводзячы яе да сяброўскай забавы незалежных жанчын і мужчын. Найлепей зарабляюць тут пакаёўкі, бо добра ведаюць гасьцей і заўсёды на месцы. Адна зь іх на працягу году здолела сабраць добры пасаг і выйсьці замуж. Іх даходамі старанна апякуецца сама Грачанка. Купляе валюту і золата, каб грошы ня страцілі вартасьці. Іншыя кабеты пераважна з гэтага жывуць, хаця ж выклікаюцца ўва ўстанову рэдка — на запрашэньне гасьцей. Але адна ноч з мужчынам дае жанчыне гэтулькі заробку, колькі яна не атрымала б за некалькі дзён працы — калі б знайшла працу. Таму Грачанцы лёгка адбіраць добры «тавар» для сваіх кліентаў.